Кіраўнік штабу Трампа казаў, што сэрвэр Дэмпартыі ЗША ўзламала Ўкраіна

Пол Манафорт

Міністэрства юстыцыі ЗША апублікавала ў суботу каля 500 старонак дакумэнтаў, якія маюць дачыненьне да расьсьледаваньня меркаванага расейскага ўмяшаньня ў амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары 2016 году, якое вёў спэцпракурор Роберт Мюлер. Міністэрства прайграла судовы пазоў, пададзены выданьнем BuzzFeed і тэлеканалам CNN.

У апублікаваных дакумэнтах утрымліваюцца, у прыватнасьці, гутаркі агентаў ФБР з былым намесьнікам кіраўніка перадвыбарчага штабу Дональда Трампа Рыкам Гейтсам, былым кіраўніком гэтага штабу Полам Манафортам, былым юрыстам Трампа Майклам Коэнам і былым дарадцам прэзыдэнта Стывам Бэнанам. У дакумэнтах таксама ёсьць перапіска Бэнана з Джарэдам Кушнерам, зяцем і старэйшым дарадцам Трампа.

Частка інфармацыі ў дакумэнтах зарэтушаваная, бо яна мае канфідэнцыйны характар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У справе былога кіраўніка выбарчага штабу Трампа ня можа быць прэзыдэнцкага памілаваньня

Дакумэнты сьведчаць, што Пол Манафорт, які цяпер адбывае турэмны тэрмін па абвінавачваньні ва ўхіленьні ад падаткаў і іншых злачынствах у сувязі з яго працай ва Ўкраіне, падчас прэзыдэнцкай кампаніі ў ЗША 2016 году казаў, што сэрвэр Дэмакратычнага нацыянальнага камітэту быў узламаны, хутчэй за ўсё, не расейскімі, а украінскімі хакерамі.

Такая вэрсія пакуль не знайшла пацьверджаньняў. Аднак прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ня раз сьцьвярджаў, што неабходна расьсьледаваць магчымае ўмяшаньне Ўкраіны ў амэрыканскія выбары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што былы адвакат Трампа сказаў Кангрэсу

Дэмакраты, па ініцыятыве якіх Палата прадстаўнікоў Кангрэсу пачала расьсьледаваньне аб магчымасьці імпічмэнту Трампа, называюць вэрсію аб ўкраінскім ўмяшаньні ў выбары «кансьпіралягічнай тэорыяй».
Расьсьледаваньне Мюлера прыйшло да высновы, што расейскае ўмяшаньне ў выбары мела месца, аднак не знайшло доказаў змовы штабу Трампа з Расеяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд абавязаў перадаць у Кангрэс ЗША матэрыялы, выдаленыя з дакладу Мюлера