Брытанская паліцыя: усе 39 загінулых у трэйлеры былі грамадзянамі Віетнаму

Ілюстрацыйнае фота

Брытанская паліцыя паведамляе, што ўсе 39 чалавек, целы якіх былі знойдзены ў кантэйнэры-рэфрыжэратары грузавога аўтамабіля недалёка ад Лёндану 23 кастрычніка, былі віетнамцамі, паведамляе ВВС.

«У цяперашні час мы лічым, што ахвяры зьяўляюцца грамадзянамі Віетнаму, мы знаходзімся ў кантакце з урадам Віетнаму», — напісаў 1 лістапада ў Twitter памочнік начальніка паліцыі Эсэкса Цім Сміт. «Мы знаходзімся ў непасрэдным кантакце зь некалькімі сем’ямі ў Віетнаме і Вялікабрытаніі, і мы лічым, што выявілі сямʼі некаторых ахвяраў», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ангельшчына: кіроўцу фуры, у якой знайшлі 39 целаў, абвінавацілі ў забойстве

У паведамленьні, якое было распаўсюджана на наступны дзень пасьля выяўленьня целаў у трэйлеры ў 32 кілямэтрах ад Лёндану, гаварылася, што сярод загінуўшых 31 мужчына і восем жанчынаў.

Першапачаткова брытанскія ўлады паведамлялі, што ахвяры былі ўраджэнцамі Кітаю.

Брытанская паліцыя выставіла 25-гадоваму Морысу Робінсану з Паўночнай Ірляндыі абвінавачаньне ў 39 выпадках ненаўмыснага забойства і ўдзеле ў гандлі людзьмі. Па вэрсіі сьледзтва, Робінсан забраў у порце Пурфліт кантэйнэр, які прыбыў на пароме з бэльгійскага порту Зэбругэ. 1 лістапада па падазрэньні ў арганізацыі апэрацыі па перапраўцы людзей у Ірляндыі ўзялі пад арышт яшчэ аднаго чалавека, яшчэ дваіх затрымалі ў Віетнаме.