Шэсьце на Дзяды пройдзе ў Менску 3 лістапада

Дзяды-2018. Шэсьце ў Курапаты. ФОТА

Менгарвыканкам ухваліў заяўку Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ на традыцыйныя шэсьце і мітынг на Дзяды — дзень памяці продкаў.

Шэсьце, як піша БелаПАН, пачнецца а 12-й гадзіне ў нядзелю, 3 лістапада. Збор удзельнікаў пачнецца ад 11:30 ля мэтро «Парк Чалюскінцаў» з боку гадзіньнікавага заводу. Шэсьце пойдзе ў народны мэмарыял Курапаты, дзе адбудзецца традыцыйны мітынг.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Акцыя адбудзецца нягледзячы ні на што» — пададзеная заяўка на шэсьце і мітынг у Курапатах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што важна ведаць пра Дзяды

Адказны сакратар КХП-БНФ і кіраўнік грамадзкай дырэкцыі народнага мэмарыялу Курапаты Алесь Чахольскі прапанаваў прадстаўнікам рэгіянальных ініцыятываў сабраць сваіх актывістаў і далучыцца да менскай акцыі на «Дзяды» з расьцяжкамі, на якіх былі б указаны назвы месцаў масавых расстрэлаў, мэмарыялізацыяй якіх яны займаюцца. Такім чынам, на яго думку, будзе паказана, «што прыяжджаюць людзі з усёй Беларусі і колькі такіх месцаў у краіне».

Заяўку на правядзеньне традыцыйнага шэсьця і мітынгу ў Лошыцкім яры ў памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій актывісты КХП-БНФ пакуль не падавалі: у Лошыцкім яры могуць правесьці акцыю ў іншым фармаце.

Першая масавая дэманстрацыя ў Курапатах прайшла ў 1988 годзе, тады людзей разагналі ўнутраныя войскі з прымяненьнем сьлезацечнага газу і спэцсродкаў. Першы сямімэтровы крыж на тэрыторыі мэмарыялу зьявіўся праз год, на Дзяды 1989-га. Яго назвалі Крыж Пакуты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 30 гадоў народнаму мэмарыялу ў Курапатах. Як ставілі крыжы на месцы зьнішчэньня ахвяраў сталінізму
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта было эпічнае шэсьце». У Менску выставяць унікальныя фотаздымкі пра ўсталяваньне Крыжа пакуты ў Курапатах 30 гадоў таму