Грузавік, у якім знайшлі целы 39 чалавек, належыць ірляндзкай кампаніі

Ілюстрацыйнае фота

Грузавік, у якім знайшлі целы 39 чалавек, належыць ірляндзкай кампаніі Global Trailer Rentals Ltd. Гэтую інфармацыю пацьвердзіў прэс-сакратар кампаніі, паведамляе агенцтва RTÉ.

Кампанія GTR месьціцца ў Дубліне, але таксама мае філіялы ў графствах Лаут і Монахан. Паводле прадстаўніка кампаніі, грузавік арандавалі ў Монахан 15 кастрычніка са стаўкай 275 эўра ў тыдзень.

Кампанія ўжо зьвязалася з паліцыяй графства Эсэкс і дала ёй інфармацыю пра асобу і кампанію якая ўзяла грузавік у арэнду. Усе грузавікі Global Trailer Rentals маюць GPS-трэкеры, і кампанія перадасьць усе дадзеныя сыстэмы адсочваньня праваахоўнікам.

Кампанія выказала шчырыя спачуваньні родным і сябрам загінулых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На ўсходзе Ангельшчыны знойдзены грузавік з Баўгарыі з 39 целамі. Кіроўца арыштаваны

Грузавік з 39 целамі паліцыя графства Эсэкс выявіла ноччу 23 кастрычніка ў 30 кілямэтрах на ўсход ад Лёндану. Па падазрэньні ў забойстве затрымалі кіроўцу, 25-гадовага выхадца з Паўночнай Ірляндыі.

Спачатку праваахоўнікі лічылі, што фура прыехала ў краіну з Баўгарыі, пазьней выявілася, што яна заехала ў Вялікую Брытанію з Зэбруге (Бэльгія) праз ангельскі порт Пурфліт.

Брытанскія СМІ паведамлялі, што загінулыя апынуліся грамадзянамі Кітая, але афіцыйна гэтую інфармацыю не пацьвердзілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 39 загінулых у фуры ў ангельскім Эсэксе — грамадзяне Кітаю