У Кітаі пахавалі прах рэфарматара Чжао Цзыяна, які памёр у 2005 годзе

Чжао Цзыян (у цэнтры) праз мэгафон зьвяртаецца да студэнтаў на пялц Т'яньаньмэнь.

У Пэкіне, на паўночнай ускраіне гораду, у пятніцу адбылося пахаваньне праху былога генэральнага сакратара ЦК Кітайскай кампартыі Чжао Цзыяна.

На цырымоніі, па дамоўленасьці з уладамі, прысутнічалі толькі блізкія сваякі нябожчыка, паведамляе BBC News.

Чжао Цзыян спрабаваў укараніць у эканоміку Кітаю рынкавыя прынцыпы, ён застаўся ў гісторыі як адзін зь вядучых рэфарматараў Кітаю.

Чжао Цзыян быў генэральным сакратаром Цэнтральнага камітэту кітайскай кампартыі з 1987 па 1989 гады. На Захадзе яго параўноўвалі зь Міхаілам Гарбачовым. Аднак, падтрымка выступленьняў студэнтаў на плошчы Т'яньаньмэнь летам 1989 году каштавала яму палітычнай кар’еры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Масавае забойства, якое імкнуцца забыць у Кітаі

Чжао Цзыян выступаў за мірны спосаб ўрэгуляваньня патрабаваньняў, вылучаных пратэстуючымі. Але верх узялі прыхільнікі жорсткага падаўленьня маніфэстацыі.

Генэральны сакратар ЦК КПК быў адхілены ад удзелу ў жыцьці партыі, яму было забаронена займаць якія-небудзь пасады. З 1989-га году і да сваёй сьмерці ў 2005-м Чжао Цзыян пражыў пад хатнім арыштам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кітаі памёр былы кіраўнік ураду зь мянушкай «Пэкінскі мясьнік»