Samsung прызнала, што карыстальнік можа «зламаць» сканэр пальца смартфона S10 простым абарончым экранам

Смартфоны Galaxy S10 5G

Любы адбітак пальца падыдзе для разблякаваньня смартфонаў лінейкі Galaxy S10, калі на тэлефон наляпіць некаторыя віды абарончых экранаў і пасьля гэтага зарэгістраваць новы адбітак пальца, прызнала паўднёвакарэйская кампанія Samsung Electronics у камэнтарах BBC і Reuters.

Аб уразьлівасьці зноў загаварылі дзякуючы брытанцы, муж якой здолеў разблякаваць ейны тэлефон пры дапамозе свайго адбітка пальца — на апарат наляпілі гелевы абарончы экран, куплены на eBay за 2,7 фунта.

На несумяшчальнасьць сканэра адбітка пальца ў S10 зь некаторымі відамі такіх экранаў зьвярталі ўвагу і раней — у тым ліку адразу пасьля выхаду апаратаў на рынак.

У сакавіку падчас анонсу новых смартфонаў Samsung назвала тэхналёгію аўтэнтыфікацыі па адбітку пальцаў рэвалюцыйнай. Новы сканэр выкарыстоўвае ўльтрагукавую тэхналёгію распазнаньня 3D-адбіткаў пальцаў, калі звычайныя сканэры выкарыстоўваюць сьвятло або электрычнае супраціўленьне, каб атрымаць малюнак на пальцы. Тэарэтычна, гэта павінна паскорыць разблякаваньне і палепшыць распазнаньне мокрых ці брудных пальцаў.

Але выявілася, што некаторыя віды дадатковага абарончага шкла ці гелевых налепак для экранаў кепска налепліваюцца — між дысплэем і дадатковым экранам застаецца пласт паветра. Калі зарэгістраваць адбітак пальца, ужо наляпіўшы такі староньні абарончы экран на дысплэй смартфона, гэта зьбівае ультрагукавы сканэр, і той «пазнае» абсалютна любы палец як правільны.

Кампанія Samsung паабяцала выпусьціць праграмнае абнаўленьне, якое выправіць гэтую памылку. Ці стане сканэр пальца працаваць карэктна зь любым абарончым экранам, ці тэлефон проста адключыць сканэр, калі карыстальнік нешта налепіць на дысплэй, невядома.

Выглядае, што праблема можа тычыцца ня толькі лінейкі смартфонаў Galaxy S10 (акрамя S10e, дзе іншы тып сканэра пальца), а наогул усіх апаратаў з ультрагукавым сканэрам — прынамсі адзін чалавек дэманстраваў, што так жа можна «падмануць» Galaxy Note 10.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ прадставіў беларускі тэлефон для ўрадавай сувязі. Што зь ім ня так