Дзеля энэргетычнай незалежнасьці ўрад Беларусі зробіць прагноз паліўна-энэргетычнага балянсу

Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас

Савет міністраў Беларусі распрацуе доўгатэрміновы прагноз паліўна-энэргетычнага балянсу, які забясьпечвае энэргетычную незалежнасьць краіны. Гэта вынікае з распараджэньня прэм’ер-міністра Сяргея Румаса.

Цяпер эканоміка Беларусі ў значнай ступені завязаная на пастаўках энэргарэсурсаў з Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страты ад «падатковага манэўру» на 2020 год ацанілі ў 400 млн даляраў. Бюджэт плянуюць з дэфіцытам

У адпаведнасьці з дакумэнтам, створаная адмысловая працоўная група на чале за намесьнікам старшыні ўраду Ігарам Ляшэнкам. У яе склад увайшлі прадстаўнікі міністэрстваў энэргетыкі, эканомікі, прамысловасьці, гандлю, будаўніцтва ды іншых ведамстваў.

Працоўнай групе даводзіцца пры ўдзеле экспэртаў распрацаваць да 5 лістапада доўгатэрміновы прагноз паліўна-энэргетычнага балянсу, які забясьпечвае энэргетычную незалежнасьць Беларусі і ўлічвае значэньне энэргетычнай галіны ў прывязцы да прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Беларусі ў Расеі назваў падатковы манэўр парушэньнем дамовы аб ЭАЭС

Прагноз паліўна-энэргетычнага балянсу і іншыя матэрыялы даручана да 12 лiстапада 2019 года прадставіць ва ўрад для разгляду на паседжаньні прэзыдыюму Савету міністраў.

Па выніках паседжаньня рабочая група павінна падрыхтаваць асобны праект дакладу для Аляксандра Лукашэнкі.