Эрдаган прыгразіў Эўропе адкрыць межы для ўцекачоў

Рэджэп Эрдаган

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган раскрытыкаваў Эўразьвяз і арабскія краіны, якія асудзілі апэрацыю турэцкіх вайскоўцаў на поўначы Сырыі. У тэлезвароце ён папярэдзіў Эўразьвяз, што калі ён афіцыйна прызнае турэцкую апэрацыю незаконным уварваньнем, Турэччына можа адкрыць памежныя пераходы з краінамі ЭЗ і, як ён выказаўся, выпусьціць больш за 3 мільёны сырыйскіх бежанцаў у Эўропу.

Ён таксама абрынуўся з крытыкай на Эгіпет, назваўшы прэзыдэнта гэтай краіны Абдэльфатаха ас-Сісі «забойцам, які забіў дэмакратыю ў сваёй краіне». Саудаўскую Аравію ён абвінаваціў у гібелі мірных жыхароў у Емэне.

Прэзыдэнт Турэччыны таксама паабяцаў не дапусьціць дзейнасьці тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» ў рэгіёне, які павінен перайсьці пад кантроль турэцкіх вайскоўцаў. Апэрацыю на поўначы Сырыі Эрдаган патлумачыў «барацьбой з тэрарызмам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Турэччына напала на сырыйскіх курдаў і што там адбываецца. 10 важных фактаў

Паводле турэцкага прэзыдэнта, за першыя суткі баявых дзеяньняў былі забітыя больш за 100 удзельнікаў курдзкіх узброеных фармаваньняў, якіх у Турэччыне лічаць тэрарыстамі. Эрдаган заявіў, што ўсе задачы першага дня апэрацыі выкананыя. Турэцкія вайскоўцы раней паведамілі, што пачалася наземная частка апэрацыі, і занятыя ўжо больш за 10 населеных пунктаў.

Прадстаўнікі камандаваньня курдзкіх атрадаў заявілі, што нанесьлі страты турэцкім войскам, а таксама пра ахвяры сярод грамадзянскага насельніцтва.

У чацьвер авіяўдары і баі працягваюцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША прапанавалі санкцыі супраць Турэччыны за Курдыстан