Макей: «Калі хочам захаваць нацыю, трэба больш увагі ўдзяляць беларускай мове»

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, архіўнае фота

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей лічыць неабходным папулярызаваць беларускую мову разам з захаваньнем расейскай мовы ў якасьці другой дзяржаўнай, цытуе міністра БелТА.

Уладзімер Макей адзначыў, што на беларускай мове ў Беларусі гавораць менш людзей, чым на расейскай, і таму беларускай трэба ўдзяляць больш увагі.

«Калі мы хочам захаваць нацыю, народ, дзяржаву, то гэта само сабой разумеецца», — сказаў ён.

Макей падкрэсьліў, што гэта ня значыць, што расейская мова будзе выцясьняцца зь нейкіх сфэраў і што Беларусь настроеная супраць Расеі і расейскага народу.

«У Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы — беларуская і расейская, — нагадаў ён. — І расейская другой дзяржаўнай, па-мойму, нідзе ў сьвеце больш не зьяўляецца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьміцер Дашкевіч: «Каб абараніць незалежнасьць, трэба проста размаўляць па-беларуску. Паўсюль»

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка на нядаўняй сустрэчы з журналістамі ўкраінскіх СМІ 26 верасьня на пытаньне пра беларускую мову («ці не здаецца яму, што ў краіне аддаецца перавага расейскай») адказаў, што «мы з гэтай нагоды асабліва ня парымся і ня бачым вялікай насьцярожанасьці; ня хочам зрабіць яблыкам разладу расейскую мову».

«Што тычыцца тэндэнцыі — так, мы больш размаўляем на расейскай, чым на беларускай, — дадаў ён, адзначыўшы, што ня бачыць у гэтым праблемы, бо беларускую мову ведаюць „практычна ўсе“ і за апошні час рабілася нямала для яе папулярызацыі. — Ня трэба ламаць насельніцтва і прымушаць размаўляць на той мове, на якой улада хацела б, нават калі гэта чымсьці абгрунтавана. На гэта патрэбен час. І ісьці трэба вельмі акуратна і спакойна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: „Не паримся“. Формула дзяржаўнай моўнай палітыкі — на дзяржаўнай фені
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якая мова беларусу родная, або Ці магчыма «падмануць» перапіс?