Жыхары Ганконгу пратэстуюць пасьля забароны на маскі

Тысячы жыхароў Ганконгу выйшлі на незаплянаваныя вулічныя пратэсты пасьля таго, як гарадзкая адміністрацыя анансавала забарону на нашэньне масак падчас вулічных дэманстрацый, паведамляе Бі-бі-сі.

Сытуацыя ў Ганконгу абвастрылася пасьля таго, як паліцэйскі параніў з агнястрэльнай зброі 14-гадовага дэманстранта. Ён знаходзіцца ў шпіталі ў цяжкім стане.

Субота — апошні дзень, калі гараджане могуць хаваць свае твары на вуліцах, адзначае карэспандэнт Бі-бі-сі. Шмат хто сышоў з працы, каб узяць удзел у пратэстах супраць забароны, сотні дэманстрантаў выйшлі на вуліцах у масках. Яны асьцерагаюцца, што ўлады гораду прымуць і іншыя абмежавальныя меры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліцыя Ганконгу ўжыла вадамёты і сьлезацечны газ да пратэстоўцаў. Фота

Пратэсты ў Ганконгу працягваюцца ад сакавіка. Дэманстранты спачатку дамагаліся адмены разгляду закона аб экстрадыцыі абвінавачаных у злачынствах у мацерыковы Кітай. Затым патрабаваньні пашырыліся. Галоўнае зь іх — захаваньне аўтаноміі горада і адстаўка ганконскіх уладаў. Гучаць і патрабаваньні незалежнасьці ад Кітаю. Кітайскія ўлады асуджаюць пратэсты і пагражаюць іх удзельнікам жорсткімі мерамі.

Ганконг, які доўгі час быў брытанскай тэрыторыяй, перайшоў пад сувэрэнітэт Кітаю ў 1997 годзе. Гораду гарантаваная шырокая аўтаномія ў рамках мадэлі «Адна краіна — дзьве сыстэмы» да 2047 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Ганконгу выканалі галоўнае патрабаваньне пратэстоўцаў, — Reuters