На Гомельшчыне ў расейскім марозіве выявілі кішэчную палачку

Фота з сайту Гомельскай абласной інспэкцыі Дзяржстандарту

Спэцыялісты Гомельскай абласной інспэкцыі Дзяржстандарту падчас праверак у гандлёвых сетак рэгіёну выявілі небясьпечную прадукцыю расейскай вытворчасьці, паведамляе сайт інспэкцыі.

У марозіве гандлёвых марак «ЛЕТО» (марозіва «Тропический манго») і «Большой рожок» (марозіва з водарам ванілі), вырабленым у Ніжнім Ноўгарадзе, знайшлі кішэчную палачку.

Дзяржстандарт выдаў прадпісаньні аб забароне ўвозу і продажу небясьпечнай прадукцыі на тэрыторыі Беларусі і аб спыненьні дзеяньня ў краіне дакумэнтаў аб ацэнцы адпаведнасьці якасьці прадукцыі.

Гэта ня першы выпадак за апошні год, калі ў расейскім марозіве знаходзяць кішэчную палачку. У чэрвені ў беларускіх крамах яе выявілі ў неназваных расейскіх сырках і марозіве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У беларускіх крамах выявілі расейскія сыркі і марозіва з кішэчнай палачкай