Лаўроў: Адмова Беларусі разьмяшчаць расейскую вайсковую базу — гэта сапраўды непрыемны эпізод

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў

Адмова Беларусі разьмяшчаць расейскую вайсковую базу зьяўляецца «непрыемным эпізодам», заявіў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў у інтэрвію газэце «Коммерсантъ», кажучы пра сумесную вонкавую і абаронную палітыку ў рамках Саюзнай дзяржавы.

«Гэта сапраўды непрыемны эпізод. Але галоўнае ня форма, а зьмест. А па зьмесьце прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка неаднаразова казаў, у тым ліку адказваючы на пытаньне пра базу, што Беларусь саюзьніца Расеі на ўсе 100% і што беларускія Ўзброеныя сілы трэба разглядаць як тыя, якія абараняюць нашы агульныя інтарэсы і нашу агульную тэрыторыю», — сказаў кіраўнік МЗС Расеі.

«Па замежнай палітыцы ў чыстым выглядзе ў нас ёсьць праграма сумесных дзеяньняў. Такога ў нас больш ні з кім няма», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнку не патрэбна расейская вайсковая база

Лаўроў таксама закрануў пытаньне саюзьніцкіх стасункаў у частцы прызнаньня Абхазіі, Паўднёвай Асэтыі, сытуацыі з Крымам. Тут, паводле Лаўрова, Расея «таксама не на 100% падзяляе беларускія замежнапалітычныя ўстаноўкі», але «нікога ні да чога не прымушае».

На сустрэчы з групай амэрыканскіх аналітыкаў у лістападзе мінулага году Аляксандар Лукашэнка назваў «надуманай праблемай» пытаньне аб магчымым разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай вайсковай базы і заявіў, што ня бачыць неабходнасьці ў стварэньні вайсковых базаў іншых дзяржаў, у тым ліку Расеі, на тэрыторыі Беларусі. «Мы ў вайскова-палітычным саюзе з Расеяй. Будзе тут база вайсковая, ня будзе — розьніцы абсалютна ніякай няма», — сказаў Лукашэнка.