«Я прашу толькі разабрацца». Маці асуджанага на 12 гадоў экс-намесьніка кіраўніка Менску дабіваецца перагляду справы

«Я ганаруся сваім сынам», — з такімі словамі зьвярнулася Валянціна Дамарацкая да журналістаў адразу пасьля прысуду. Сёньня яна расказала Свабодзе, як перажывае зьняволеньне сына і што робіць, каб вызваліць яго з-за кратаў.

Валянціна Дамарацкая 45 гадоў працуе настаўніцай, жыве ў Баранавічах. Выкладае расейскую мову ў школе, падпрацоўвае рэпэтытарствам. Двое дарослых дзяцей — сын і дачка. У сярэдзіне 90-х страціла мужа, які памёр ад тромбу ва ўзросьце 44 гадоў. Пасьля гэтага пераехала бліжэй да дзяцей. Кажа, што на жыцьцё ніколі ня скардзілася. У сярэдзіне 90-х адной было няпроста, але сям’я заўсёды дапамагала. Дзеці вырасьлі самастойнымі і пасьпяховымі.

Жыцьцё Валянціны было спакойным да мінулага году — калі яе сына, буйнога сталічнага чыноўніка Андрэя Дамарацкага, спачатку арыштавалі і абвінавацілі ў карупцыі, а потым асудзілі на 12 гадоў пазбаўленьня волі.

«Мы жылі як усе»


«Вось тут ён у мяне на Вялікдзень з жонкай і сынам, вось яшчэ ён, — паказвае Валянціна фатаздымкі з сынам. — А больш неяк і няма ў мяне разам зь ім картачак. Ён увесь час за фатографа быў, атрымліваецца. Больш ён нас фатаграфаваў, чым мы зь ім разам. Вось яшчэ ён з жонкай Таняй. Яшчэ маю зь дзяцінства фота, вось атэстат школьны. Усе пяцёркі».

Сям’я Андрэя Дамарацкага паходзіць з Клецкага раёну, ён вырас у невялікай вёсцы Нагорнае. Маці настаўніца, бацька — шафёр. Школу скончыў у 1993 годзе з залатым мэдалём, без іспытаў паступіў у Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію на землеўпарадкавальны факультэт. Па разьмеркаваньні працаваў у Наваградку, затым служыў у войску, трапіў у Нясьвіж. Працаваў у Баранавіцкім райвыканкаме, на запрашэньне кіраўніка менскага аблвыканкаму Мікалая Ладуцькі пераехаў у Менск.

«У 90-я мы жылі як усе, — узгадвае Валянціна Дамарацкая. — Памятаю, што ў мяне заробак быў 19 даляраў. Самы складаны момант быў, калі сын скончыў вучобу ў Горацкай акадэміі і трэба было на працу ўладкоўвацца некуды, а грошай зусім не было. Але нармальна. Мы як усе жылі, сябравалі з раднёй. Сын у мяне грошай ніколі не прасіў. Яго ўжо ў акадэміі адзначалі, затым у войску. Камандзір мне расказваў, што ніколі такога салдата не было ў яго».

Валянціна кажа, што хвалявалася, калі сына запрасілі на працу ў сталіцу. Але адначасова і радавалася таму, што Андрэя цэняць, запрашаюць на падвышэньне. І яшчэ таму, што ён знайшоў сябе.

«Першы раз Сумар (тагачасны кіраўнік Берасьцейскай вобласьці. — РС) яго ў Менск не адпусьціў, — узгадвае Валянціна Дамарацкая. — А празь некалькі гадоў, калі Андрэя зноў запрасілі ў сталіцу, ён вырашыў сам паехаць у Берасьце і пагаварыць. Так Андрэй і пераехаў у Менск. Узначаліў землеўпарадкавальную службу ў Менгарвыканкаме. Тады яшчэ яго кіраўніком быў Ладуцька. Ён сына заўважыў, хацеў, каб Андрэй навёў там парадак. Вельмі хутка сыну прапанавалі стаць намесьнікам кіраўніка Менгарвыканкаму. Андрэй быў задаволены пераездам у Менск».

Яшчэ падчас працы ў Баранавічах Андрэй Дамарацкі скончыў Акадэмію кіраваньня. Валянціна ўзгадвае, што пра працу сын расказваў няшмат, пазытыўна адзываўся пра Мікалая Ладуцьку. Сям’я Андрэя Дамарацкага засталася жыць у Баранавічах, ён прыяжджаў дадому са сталіцы амаль кожныя выходныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыноўнік, за якога заступіліся блогеры. Хто такі Андрэй Дамарацкі, якога асудзілі на 12 гадоў турмы

«Нявестка пазваніла. Сказала, каб я не хвалявалася»

У апошні год перад арыштам Валянціна Дамарацкая пачала адчуваць у паводзінах сына хваляваньне. Андрэй расказаў ёй, што адчувае дыскамфорт на працы, працаваць стала цяжка, што ён хоча сысьці з пасады намесьніка кіраўніка Менгарвыканкаму і ўжо напісаў заяву аб звальненьні. Празь нейкі час пасьля гэтага Андрэй Дамарацкі ўзначаліў Галоўнае ўпраўленьне спажывецкага рынку Менгарвыканкаму. На той момант ён ужо пабудаваў двухпакаёўку ў сталічнай Малінаўцы, рабіў там рамонт.

«Я сама даведалася, што Андрэя арыштавалі, — узгадвае Валянціна Дамарацкая. — Ён у той час часта езьдзіў у камандзіроўкі, у Грузію ў тым ліку. І вось я званю сыну, а ён не здымае трубку. Потым нявестка мне пазваніла, сказала, каб я не хвалявалася. Што Андрэй у Грузіі і яго тэлефон недасяжны. Але я тады ўжо карысталася інтэрнэтам, сама прачытала пра ўсё. Гэта было, канечне, страшна. Я адразу паехала ў Менск».

Валянціна кажа, што ня ведае, як і дзе арыштавалі яе сына. Першыя дні яна чакала, што Андрэя хутка вызваляць. Наняты для абароны Андрэя Дамарацкага адвакат, азнаёміўшыся з матэрыяламі сьледзтва, толькі абнадзеіў. Паводле ягоных словаў, справа была «ні пра што». Аднак сына ня вызвалілі ні праз тры дні, ні пазьней. Валянціну Дамарацкую некалькі разоў выклікалі на допыты, сьледчыя праводзілі ператрусы, у тым ліку ў кватэры Дамарацкага ў Баранавічах. На канец вясны 2019-га прызначылі суд.

Андрэй Дамарацкі падчас суду

«Нам дазволілі перапісвацца, — расказвае Валянціна Дамарацкая. — Але мы так, ні пра што пісалі адно аднаму. Пра што яшчэ напішаш, калі ён там. Адразу сын пісаў у роспачы, прасіў ня верыць таму, што пра яго гавораць. Што ён не вінаваты і ня ведае, за што яго судзяць. Расказваў, што прасіў сьледчых адпусьціць яго на працу на 15 хвілін, і ён пакажа, куды падзеліся нібыта растрачаныя ім грошы. Але ніхто не паслухаў яго. Калі пачаўся суд, я не змагла езьдзіць на кожнае паседжаньне. На першым я не была, потым таксама толькі калі праца дазваляла. Мне не хацелася губляць працу, куды ж я безь яе. Толькі на адваката колькі грошай трэба, мы ж ня справімся бязь іх».

У дзень прысуду Валянціна прыехала ў Менск з Баранавічаў. Пасьля абвяшчэньня выйшла ў хол да журналістаў і зачытала загадзя падрыхтаваны зварот.

«Чаму я гэта зрабіла? Нешта ж трэба было рабіць, — тлумачыць свой учынак жанчына. — Я на 100% упэўненая, што мой сын ні ў чым не вінаваты. Нідзе, па ніводным артыкуле. Пра гэта і судзьдзя ведала. На пачатку працэсу яна спрабавала разабрацца, а потым... Яна ўжо ведала, які будзе прысуд. Ёй было напляваць. Калі б у судзьдзі хаця б крыху было сумленьня, яна б узяла самаадвод. Яна ж разумная жанчына, яна магла паспрабаваць сысьці ад гэтага судзілішча».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ганаруся сваім сынам!» Прамова маці асуджанага за карупцыю чыноўніка

40 разьбітых надзей

Андрэй Дамарацкі па-ранейшаму знаходзіцца ў сталічным СІЗА на Валадарскага. Па словах ягонай маці, самастойна рыхтуе апэляцыю, ужо напісаў 30 старонак, дзе прыводзіць прыклады несупадзеньняў прысуду з матэрыяламі папярэдняга расьсьледаваньня.

«У першыя два тыдні пасьля прысуду ад Андрэя не было ніякіх зьвестак, ён не пісаў нам, вельмі цяжка перажываў усё, — расказвае Валянціна. — Мы стараліся яго падтрымліваць, як маглі. Кожны дзень перадавалі нешта. Лекі, лісты пісалі. Хаця б нешта. Спатканьні прасілі нам прызначыць. А спатканьні — гэта ж таксама спосаб узьдзеяньня на родных. Спатканьні трэба прасіць на каленях. Хадзілі, абівалі парогі. Дабіваліся. Спатканьне — гэта гадзіна толькі. Размова праз шкло па тэлефоне. Гэта калі пашанцуе, бо не паўсюль добрая сувязь. Можна ў такую кабінку трапіць, дзе нічога не пачуеш. Размаўлялі ні пра што. Пра падзеі дома, жартаваць стараліся. Нам потым ужо сказалі больш не хадзіць. Але Андрэй пачаў аджываць».

Цяпер Валянціна занятая тым, што піша звароты. У Адміністрацыю кіраўніка краіны, у суды, у пракуратуру. Апошні ліст дасылала ў Раду бясьпекі. Двойчы была на прыёме ў Адміністрацыі. На свае звароты атрымала каля 40 адказаў.

«Пра што я пішу? Я нікога не абвінавачваю, — кажа Валянціна. — Ні судзьдзю, ні сьледчых. Я толькі прашу разабрацца. Я не кажу, што там несправядлівасьць, толькі прашу — разьбярыцеся, калі ласка. Сустрэчы прасіла яшчэ. Адмовілі мне, двойчы. Пішуць толькі, што маю скаргу атрымалі. Часам так пішуць, што ці сьмяяцца, ці плакаць... Кожны ліст — гэта боль. Гэта разьбітыя надзеі на нешта. Вось мае 40 разьбітых надзей».

Валянціна Дамарацкая чытае ўсе публікацыі ў інтэрнэце, прысьвечаныя справе сына, камэнтары пад імі. Посьціць спасылкі ў свой фэйсбук.

«Я не магу сядзець проста так, мне хочацца дапамагчы сыну, — кажа Валянціна Дамарацкая. — Я ўвесь час пра гэта думаю. Адзіны момант, калі я магу ня думаць пра гэта, — гэта калі я на лекцыі перад дзецьмі. Але варта толькі прысесьці на хвіліну, я ўжо зноў думаю пра яго. Таму стараюся не садзіцца. Працую кожны дзень. Сем дзён у тыдзень. Мяне ўсе падтрымліваюць, калегі ў тым ліку. Першы час нават грашамі дапамагалі, наколькі маглі. Усе падтрымліваюць, хто ведае Андрэя».

11 кастрычніка Менскі гарадзкі суд будзе разглядаць скаргу Андрэя Дамарацкага на прысуд. Яго маці Валянціна кажа, што надзеі на перагляд справы сына амаль ня мае. Аднак на паседжаньне ўсё адно паедзе. Спадзяецца, што хоць бы ўбачыць там сына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не вінаваты». 5 «дзірак» у справе, з прычыны якіх апраўдалі галоўнага інжынэра МЗКЦ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хачу яго проста абняць». Споведзь жонкі бізнэсоўца, якога 16 месяцаў трымаюць у сьледчым ізалятары
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апраўданы пасьмяротна. Як з паважанага прамыслоўца зрабілі карупцыянэра