Нацбанк: рэгуляваныя цэны растуць хутчэй за свабодныя

Ілюстрацыйнае фота

Экспэрты Нацыянальнага банку падлічылі ўзровень інфляцыі ў жніўні. Згодна з разьлікамі, у мінулым месяцы гадавы прырост спажывецкіх цэнаў запаволіўся на 0,3% і склаў 5,7%.

Паводле Нацбанку, на запаволеньне гадавых тэмпаў росту спажывецкіх цэнаў у жніўні зрабіла ўплыў адпаведная дынаміка сэзонных цэнаў, а таксама рэгуляваных тарыфаў.

Гадавая базавая інфляцыя апошнія тры месяцы захоўваецца на ўзроўні 4,7-4,8%. Сярэдняя інтэнсіўнасьць прыросту спажывецкіх цэн у жніўні зьменшылася адносна ліпеня на 0,1% і склала 4,2%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі плян па інфляцыі праваліцца, на гэтыя тавары будуць рэгуляваць цэны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цэны на яблыкі, сыр, сасіскі і батоны зможа рэгуляваць Мінгандлю

Рэгуляваныя цэны і тарыфы ў жніўні замарудзіліся ў гадавым вымярэньні на 0,3% да 8,4%. Разам з тым іхная дынаміка ў цэлым апярэджвае дынаміку свабодных цэнаў. У найбольшай ступені выраслі цэны і тарыфы на паслугі дашкольных устаноў (на 20,8%), вышэйшай адукацыі (на 14,9%), а таксама аўтамабільнае паліва (на 17,5%).

Пасьля істотнага паскарэньня ў папярэднім месяцы тэмпы росту цэнаў на садавіну і гародніну ў жніўні замарудзіліся ў гадавым вымярэньні да 6,2%. Гэтаму шмат у чым спрыяла зьніжэньне цэнаў на таматы пасьля іхнага нехарактэрнага падаражаньня ў ліпені.

У адпаведнасьці з Асноўнымі парамэтрамі сацыяльна-эканамічнага разьвіцця Беларусі на 2019 год, гадавы ўзровень інфляцыі вызначаны на ўзроўні 5%. Годам раней гэты паказьнік складаў 6%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лічба дня. За адзін паход у краму беларус траціць 13,8 рубля