Прэзыдэнт Літвы: батальёну NATO для абароны краінаў Балтыі ад Расеі недастаткова

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа сказаў, што цяперашнія сродкі NATO зьяўляюцца недастатковымі для абароны балтыйскіх краін ад Расеі, паведамляе Delfi.

Пасьля сустрэчы з Генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбергам 4 верасьня ў Брусэлі Наўседа адзначыў, што дысьлякаваны ў Літве ў 2017 годзе міжнародны батальён саюзьнікаў з NATO зьяўляецца добрым сродкам стрымліваньня Расеі, аднак гэтага не дастаткова, каб абараніцца ад магчымага нападу Масквы.

«Мы дасягнулі высокага ўзроўню стрымліваньня, але ў абароннай сфэры нам варта зрабіць значна больш, — сказаў журналістам Гітанас Наўседа на сумесным брыфінгу пра вынікі сустрэчы ў штаб-кватэры NATO. — Мы вельмі рады прымаць батальён сілаў перадавога базаваньня NATO ў Літве, аднак гэтага не дастаткова».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «Весбарыі» і «Лубеніі» пачаліся манэўры NATO

Паводле Наўседы, пагрозу бясьпецы Літвы ўяўляе вялікая канцэнтрацыя расейскіх вайскоўцаў у Калінінградзкай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар NATO і прэзыдэнт Літвы жадаюць дыялёгу з Беларусьсю

На згаданым брыфінгу Наўседа і Столтэнбэрг выказалі таксама жаданьне праводзіць дыялёг зь Беларусьсю.