Сьмяротнасьць ад атручваньня алькаголем вырасла ў Расеі больш чым на 17%

Са студзеня па ліпень сьмяротнасьць ад атручваньня алькаголем у Расеі вырасла больш чым на 17 працэнтаў у гадавым вымярэньні. Такія дадзеныя прыводзіць расейскі Цэнтар распрацоўкі нацыянальнай алькагольнай палітыкі.

За шэсьць месяцаў 2019 году ад атручваньня сьпіртным памерлі 4 тысячы 298 чалавек, ці пяць чалавек на сто тысяч насельніцтва.

Найбольшы рост сьмяротнасьці — у 12 разоў — зафіксаваны ў Татарстане. За рэгіёнам вынікаюць Габрэйская аўтаномная вобласьць, Тува, Пензенская і Курганскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі беларусы п’юць і паміраюць ад алькаголю

У Маскве са студзеня па ліпень ад атручваньня алькаголем памёр 71 чалавек — гэта на 10 адсоткаў больш, чым за аналягічны пэрыяд мінулага году.

У Расеі каля 70% сьмерцяў мужчын працаздольнага ўзросту зьвязаныя з ужываньнем алькаголю, паведаміла ў лютым 2019 году міністарка аховы здароўя Расеі Вераніка Скварцова.