З парлямэнцкай фракцыі Кансэрватыўнай партыі Вялікабрытаніі выключылі дэпутатаў, якія падтрымалі разгляд законапраекта аб пераносе даты Брэксыта.
У іх ліку апынуўся Нікалас Сомс — 71-гадовы ўнук Уінстана Чэрчыля. Ён быў дэпутатам парлямэнта апошнія 36 гадоў, а у 2014 годзе каралева Лізавета II пасьвяціла яго ў рыцары. Тым ня менш, цяпер Сомс пазбаўлены права прадстаўляць Кансэрватыўную партыю на наступных выбарах у брытанскі парлямэнт. Пра гэтае рашэньне паведамілі ў канцылярыі дзеючага прэм’ер-міністра, перадае Бі-бі-сі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джонсан прыдумаў, як вывесьці Брытанію з ЭЗ, абмінуўшы парлямэнтБарыс Джонсан заклікаў Палату абшчын галасаваць супраць зьменаў парадку работы парлямэнта. Аднак дэпутаты прагаласавалі за і, такім чынам, разгледзяць сёньня законапраект аб забароне выхаду Вялікабрытаніі зь Эўразьвязу 31 кастрычніка, у выпадку калі да гэтага моманту парлямэнт не ўхваліць пагадненьне аб Брэксыце.
Гэта супярэчыць абяцаньням Джонсана, які раней заяўляў, што Брытанія ў любым выпадку выйдзе зь ЭЗ у канцы кастрычніка — нават без пагадненьня з Брусэлем. Пасьля галасаваньня ў Палаце абшчын прэмʼер заявіў, што, калі дэпутаты ўхваляць чарговую адтэрміноўку Брэксыта, ён закліча парлямэнт абвесьціць датэрміновыя выбары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джонсан: Брэксыт адбудзецца 31 кастрычніка, нягледзячы ні на штоУсяго за магчымасьць разгляду законапраекта аб адтэрміноўцы Брэксыта ўчора прагаласаваў 21 дэпутат ад Кансэрватыўнай партыі. У іх ліку, акрамя ўнука Чэрчыля, быў вэтэран брытанскага парлямэнта Кен Кларк, а таксама Філіп Гэманд, былы міністар замежных спраў, абароны і транспарту, які таксама займаў пасаду міністра фінансаў у кабінэце Тэрэзы Мэй.