«Аб’яднаньне эканомік, а не дзяржаў», — расейскі міністар Арэшкін пра «паглыбленьне інтэграцыі» зь Беларусьсю

Аляксандар Лукашэнка паціскае руку Максіму Арэшкіну (справа), 18 ліпеня

Міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі Максім Арэшкін у інтэрвію ТАСС расказаў пра сваё бачаньне таго, як ягоная краіна будзе «інтэгравацца зь сябрамі».

Як адзначыў міністар, пагадненьне пра расейска-беларускую інтэграцыю было заключанае яшчэ ў 1999 годзе, яно ратыфікавана і «там, у прынцыпе, усё паказана».

«Цяпер расьпісваем усё па тэрмінах, канкрэтных кірунках. Былі пэўныя рознагалосьсі паміж расейскім і беларускім бакамі. Задача працоўнай групы — гэтыя разьвілкі апісаць, пакласьці на паперу і даць магчымасьць вышэйшаму палітычнаму кіраўніцтву дзьвюх краінаў усё абмеркаваць і прыняць рашэньні.

І гэта не пытаньне аб'яднаньня дзяржаваў — гаворка пра аб'яднаньне эканомік як роўных партнэраў, што прынцыпова», — сказаў Арэшкін.

Тыдзень таму беларускі прэм’ер-міністар Сяргей Румас расказаў пра праграму рэалізацыі «саюзнай дамовы» з 66 пунктаў — тыя пункты «практычна ўсе ўзгодненыя», толькі асобныя трэба было ўзгадніць з Лукашэнкам. Па ўсіх прапановах, паводле Румаса, «ёсьць поўная яснасьць», і ў пачатку верасьня ён і расейскі прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў могуць падпісаць праграму. У праграме закладзеная канцэпцыя «дзьве краіны — адзін рынак» і плян на распрацоўку 28 дарожных мапаў па стварэньні агульных рынкаў.

Калі расейскім бокам у сьнежні 2018 году ўпершыню была ўзьнятая тэма «актуалізацыі» дамовы пра «саюзную дзяржаву», Лукашэнка адказаў: «Шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка спытаў Румаса, як там інтэграцыя з Расеяй. Прэм’ер кажа, «поўная яснасьць па прапановах»