«На жаль, я пакуль яшчэ ня Бог». 65 цытат ад Лукашэнкі ў ягоны юбілей

1998 год. Лукашэнка на зімніх Алімпійскіх гульнях у Японіі. Насуперак правілам Міжнароднага алімпійскага камітэту, ён адначасова прэзыдэнт і дзяржавы, і Нацыянальнага алімпійскага камітэту. У гэтым годзе заходнія краіны ўпершыню ўвядуць супраць яго санкцыі

30 жніўня Аляксандру Лукашэнку спаўняецца 65 год. Чвэрць стагодзьдзя ён кіруе Беларусьсю і за гэты час зрабіў незьлічоную колькасьць заяваў, расьцягнутых на цытаты журналістамі і аналітыкамі. Свабода публікуе 65 яскравых выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі за 25 гадоў ягонага прэзыдэнцтва.

«Хоча асацыяваць сябе з вышэйшымі сіламі»

Палітоляг, кандыдат філязофскіх навук Уладзімер Падгол зьбірае выказваньні Лукашэнкі ад моманту ягонага прышэсьця да ўлады. Збор пад назвай «Народны тэлевізар» шматразова перавыдадзены і папаўняецца новымі пэрламі.

Як удакладняе аўтар, напачатку цытатнік быў тэхнічным файлам да аднаго з разьдзелаў ягонай доктарскай дысэртацыі «Асновы палітычнай псыхалёгіі», а таксама паслужыў за «донара» кнізе «Куля для прэзыдэнта», у якой прэзыдэнцкімі цытатамі прамаўляюць некалькі пэрсанажаў.

Уладзімер Падгол

«Кулю для прэзыдэнта» рэдагаваў перакладчык Васіль Сёмуха, менавіта ён параіў выдаць цытатнік асобнай кнігай. А вось дысэртацыю на сабраным матэрыяле абараніць не ўдалося: ніхто з патэнцыйных рэцэнзэнтаў не падпісаўся пад такую „крамолу“», — кажа Свабодзе Падгол.

Ён называе тэкст «навуковым дапаможнікам па архетыпах».

«За час сваёй прэзыдэнцкай кадэнцыі Лукашэнка нагаварыў пра самыя розныя рэчы — ад жаночай цяжарнасьці да ўтрыманьня плянэты на арбіце. Чалавек намагаецца быць экспэртам у любым пытаньні», — кажа Падгол.

Ён адзначае, што яшчэ адна ўнікальная рыса Лукашэнкі — ён хоча асацыяваць сябе з вышэйшымі сіламі: «Ты тры разы скардзіўся мне на засуху (Лукашэнка — да старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Ўладзімера Заламая, 1996 год. — РС). Я табе даў дождж!»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анёлы і жорны. Як палітоляг Падгол стварыў «вясковы Лос-Анджэлес»

«Чалавек, які шалёна закаханы ва ўладу і адчувае жывёльны страх пры любой прыкмеце яе страты, здольны абуджаць у сабе дзясяткі відаў архетыпаў, — кажа Ўладзімер Падгол. — Ягоныя галоўныя стрэсавыя сытуацыі зьвязаныя з утрыманьнем улады, з барацьбой за ўладараньне над душамі і верай людзей».

Пра ўладу ад бога і крышталёвы сасуд

«Цяперашні прэзыдэнт — гэта ўсурʼёз і надоўга. Памятаеце, як там у народзе кажуць? Улада — ад Бога. А Бога трэба паважаць!» (1994)

1994 год. Перадвыбарчы плякат Аляксандра Лукашэнкі, «афіцыйнасьць» якога выклікае пытаньні: каманда Лукашэнкі сьцьвярджала, што гэткіх плякатаў не вырабляла. Але сапраўднасьць фота не абвяргалася

«Я ў савецкі час чытаў лекцыі па атэізьме, сутыкаўся са сьвятарамі. Яны мяне ўразілі: верылі, рызыкавалі. І калі прыйшоў ва ўладу і ўсьвядоміў катастрафічныя зьявы, у якіх я ацалеў, падумаў: не абышлося без умяшаньня вышэйшых сілаў. Чаму я? Беларусы — такі адукаваны народ, і выбіраюць мяне, амаль хлапчука» (1996)

«Мужыкі, памятаеце, на сэлектарнай нарадзе я вам абяцаў: два дні будзе ліць дождж, тры дні пагода будзе стаяць. Як у будучыню глядзеў» (2000)

«Справіцеся з уборкай?» (да старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Канстанціна Сумара. — РС). «Я не хацеў бы з Богам спрачацца, Аляксандар Рыгоравіч, вы ж бачыце, якое надворʼе». «На жаль, я пакуль яшчэ ня Бог». «Вы крыху вышэй» (2004)

«І я ўсе гэтыя гады, беражліва і трымтліва, нясу перад сабой на сваіх руках гэты сьветлы, крышталёвы сасуд, імя якому — Беларусь. Нясу, баючыся выпусьціць, вельмі ўжо ён далікатны і ўразьлівы» (2004)

«Некалькі вэтэранаў у Расеі атрымалі запрашэньне ў амбасаду Беларусі, уручалі мэдалі. Прыходзіць кіраўнік вэтэранскай арганізацыі і кажа: „Адзін чалавек, які доўга ляжаў, падняўся з ложка, заплакаў і ўстаў на ногі!“. Я кажу: „Што, ён ходзіць?“ — „Яшчэ не, але будзе“. Вось якая вялікая сіла — дружба» (2004)

2007 год. Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным

«Я ў крамы не хаджу — пасьля аднаго выпадку. Выйшаў са сваёй рэзыдэнцыі і пайшоў у бок цырку. Людзі на прыпынку павярнуліся: „Прэзыдэнт!“ Выстраілася цэлая дэманстрацыя, тысячы дзьве чалавек. Парвалі гарнітур. Я ужо прасіў: „Слухайце, сорамна будзе. Сфатаграфуе апазыцыя, хоць трусы ня рвіце!“ Пасьля гэтага больш пешшу па вуліцах не хаджу» (2007)

«Я памятаю, як згорбленыя, скручаныя, хворыя людзі, якія гадамі ляжалі ў ложку, падымаліся і паўзьлі на выбарчыя ўчасткі. Не давяраючы дзецям, ішлі галасаваць за Лукашэнку. Гэта для мяне найвялікшая каштоўнасьць. І я ахвярую ўсім, што ў мяне ёсьць, дзеля свайго народу. Гэта не патэтыка, ня гучныя словы — усё маё жыцьцё ў гэтым заключана» (2010)

Пра помнік сабе і тост «За Бацьку!»

«Дзеля захаваньня спакою ў краіне я гатовы ахвяраваць уласным розумам!» (1998)

«У выглядзе помніка, адкрыю вам сакрэт, я сабе хачу пакінуць Нацыянальную бібліятэку» (2000)

«Нават калі б мы 15–20 гадоў нічога не рабілі, а толькі адраджалі вёску, нам ужо помнік па-жывому трэба ставіць. І мы сабе гэты помнік паставім» (2007)

2011 год. Лукашэнка прысягае пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах і чарговага брутальнага разгону пратэстаў апазыцыі

«У вузкім коле нехта прапанаваў: «Другі тост — за прэзыдэнта!» Гэта вайскоўцы прыдумалі ў мой першы год прэзыдэнцтва. Першы — «Ну, за ўсіх, што сабраліся». Трэці — «За жанчын, за каханьне!» А другі — так і прыжылося: „За Бацьку!“» (2007)

«У нас, прэзыдэнтаў, крыху іншае мысьленьне, чым у звычайных людзей. Мая незвычайнасьць палягае ў тым, што некаторыя хочуць забясьпечыць сябе і сваю сямʼю, а я хачу застацца ў памяці людзей, каб яны, праходзячы міма, ніколі ня кінулі ў мяне камень ці палку. Я гэты хачу для сябе помнік узьвесьці, каб пра мяне не сказалі дрэнна» (2013)

«Майго партрэту, акрамя чынавенскага кабінэту, нідзе няма. Маіх цытатаў ня бачылі і ня ўбачыце. Такая ў нас дыктатура спэцыфічная. Я гэтага не прымаю, ніякага „важдзізму“. Ёсьць кадры па ідэалёгіі, іх задача — не дапусьціць ганьбаваньня таго, што падтрымліваецца большасьцю народу. Гэта камісары, ідэалягічныя барацьбіты» (2014)

Пра Сталіна і Гітлера

«Ня ўсё толькі дрэннае зьвязана ў Нямеччыне зь вядомым Адольфам Гітлерам... Гітлер сфармаваў магутную Нямеччыну, дзякуючы моцнай прэзыдэнцкай уладзе. Нямецкі парадак фармаваўся вякамі, і пры Гітлеры гэтае фармаваньне дасягнула найвышэйшага пункту. Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменьню прэзыдэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзыдэнта». (1995)

1996 год. Лукашэнка выступае перад парлямэнтам — Вярхоўным Саветам, які ён неўзабаве гвалтоўна разгоніць і заменіць на цалкам ляяльны яму Нацыянальны Сход

«Тое, што я ведаю пра савецкіх кіраўнікоў, пачынаючы ад Леніна і Сталіна, — хлусьня даходзіць да 100%. Нам навязваюць, каб мы забыліся ўсё вялікае, што зрабілі гэтыя людзі. А гэта сымбалі нашага народу!» (2006)

«Я ня бачу, каб нешта з нашай гісторыі трэба было выкідваць. Вось вы [у Расеі] гваздаеце пэрыяд Сталіна. У нас гэтага няма. І не таму, што там не было памылак. Так, былі. Дык у нас, перш чым гваздаць мінуўшчыну, трэба паглядзець на цяпершчыну. У нас сёньня з вамі гэтулькі памылак, што Сталін, каб убачыў, здрыгануўся б». (2016)

«Ды я не імя Сталіна адраджаў, хоць і ён гэтага заслугоўвае. Я адраджаў гэты абʼект [Лінію Сталіна], які сьведчыць аб той частцы гісторыі, якая была ў нас і якую, на жаль, на той час няправільна разумелі». (2019)

Пра «пятую калёну» і «адмарозкаў»

«Каб ня мучыліся адносна гэтых гучных спраў (зьнікненьні Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі. — РС), хачу заявіць: так, я вінаваты, што такое адбылося ў краіне. Таму што я — прэзыдэнт. Але судзіць мяне будуць толькі тады, калі мне ў даверы адмовіць народ. Або тыя, хто на мяне замахнуўся, захопяць уладу. Тады, без суду і сьледзтва, пасадзяць на кол пад ухвальны лямант заходніх настаўнікаў» (2000)

2001 год. Лукашэнка перамагае на прэзыдэнцкіх выбарах. Апазыцыянэры Зянон Пазьняк і Міхаіл Чыгір ня трапілі ў бюлетэні, апанэнты Юры Захаранка і Віктар Ганчар «зьніклі» (меркавана, былі забітыя) яшчэ два гады таму, адзіным кандыдатам ад апазыцыі стаў Уладзімер Ганчарык

«Лідэрам апазыцыі пляваць на лёс нейкага аднаго чалавека, хай нават прэзыдэнта. Бог ты мой! Ім трэба асабняк пабудаваць, мільён у кішэню пакласьці. Ды я выжыву, па добрых людзях пайду, яны мяне на кожную ноч прымуць, пераначую і так сваё жыцьцё пражыву да 100 гадоў!» (2006)

«Захаду наша апазыцыя моцна надакучыла, асабліва амэрыканцам. Тыя ўжо проста кажуць: будзе справа — будуць грошы. Што гэта значыць? Перш за ўсё вулічныя пратэсты, дэманстрацыі. А калі яшчэ пагромы і выбухі, тады заказчык наогул быў бы задаволены...» (2008)

«Гэта не апазыцыя, а пятая калёна. Мы ведаем, пра што яны пішуць эўрапейцам — заводы парэзаць, зямлю раздаць... Дзе яны наогул жывуць, хто сёньня хоча ўзяць зямлю? Вось мэта нашай вашывай апазыцыі. Ворагі беларускага народу, гэта я адказна заяўляю. Гатовыя прадацца любому, абы толькі скруціць галаву Лукашэнку, заскочыць у крэсла і разбамбіць краіну» (2009)

2017 год. Лукашэнка на расейска-беларускіх вучэньнях «Захад-2017», якія суседнія дзяржавы лічылі сурʼёзнай пагрозай сувэрэнітэту Беларусі і Ўкраіны

«Нашыя адмарозкі — іх няшмат, хай 2–3% — гатовыя разьвязаць „нацыянал-вызвольную“ вайну. Ім патрэбная нагода. Думаеце, няма чым ваяваць? Заўтра ж прывязуць з Украіны, Прыбалтыкі, Польшчы. Імгненна зьявіцца зброя, выбухі, і многія падумаюць: змагаюцца на незалежнасьць, за сьвятое! Вы што, хочаце яшчэ адну Чачню тут?» (2009)

«Хтосьці там, па-беларуску кажучы, плявузгае, палохае, крычаць: забʼём, павесім, утопім! Колькі гадоў ужо гэта чую. Яшчэ вось, глядзіце, жывы, здаровы... Каму наканавана быць застрэленым, таго ня ўтопяць» (2010)

Пра няўдзячны «народзец»

«Мне кажуць: вось пэнсіянэры, ваша надзея, абурыліся за льготы. Ну, калі так, мне такія прыхільнікі не патрэбныя. Бачыце, пакрыўдзіліся. Хочаш кожны дзень на іншы край Менску паехаць, каб унуку адвезьці шакалядку, купі квіток ды едзь. Пачалі вывучаць, аказалася, тыя льготы яшчэ Сталіным падпісаныя. Мучыліся-мучыліся, а потым вырашылі ўсё прыбраць» (2007)

«Ну навошта студэнту, які жыве ў горадзе, бясплатны праезд? Калі чалавек з глыбінкі, яму трэба зьезьдзіць дадому, мех бульбы прывезьці, да бацькоў на выходны — дапамагчы. А ў горадзе трэба пешшу хадзіць, а хочаш езьдзіць — плаці. Такая рэальнасьць, мы ж у рынкавай эканоміцы жывём» (2007)

«Калі ўжо выбралі прэзыдэнтам калгасьніка, ну дык цярпіце!» (2009)

Лукашэнка ў Лібане. Пасьля рэфэрэндуму 2004 году, на якім было зьнятае абмежаваньне на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў, стасункі з Захадам псуюцца, але наймацнейшыя санкцыі будуць годам пазьней

«Людзі самі вінаватыя. Пабеглі цукар скупляць. Бегалі-бегалі два тыдні, цукар ня зьнік. Воцат пачалі скупляць! Ператварылі кватэры, гаражы ў склады. Піце воцат, закусвайце цукрам. Хто вінаваты ў паніцы? Вы! Я вас папярэджваў. Дык чаго мяне за гэта не любіць?» (2011)

«Гляджу, наш народзец пабег да абменных пунктаў. Ну, бяжыце. Будзе большы попыт на валюту — будзе абясцэньвацца беларускі рубель з усімі наступствамі. Ня будзе попыту — будзе спакойная сытуацыя на рынку» (2013)

Пра заходні «зьвярынец»

«Гэта не дэмакратыя, а зьвярынец (пасьля дэмаршу на эканамічным форуме ў Кран-Мантане пасьля рэплікі „Вы скончыце свае дні, як усе дыктатары“ — РС). Калі прэзыдэнта запрашаюць у зьвярынец, людзі, якія рыхтуюць гэтую паездку, мусяць пра ўсіх гэтых зьвяроў расказаць» (1998)

1995 год. Лукашэнка некалькі разоў сустракаецца з тагачасным прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам. З наступнымі прэзыдэнтамі ЗША афіцыйных сустрэчаў ня будзе, за выключэньнем прыёму ў ААН ад імя Барака Абамы ў 2015 годзе

«„Макдональдс“ — гадзюшнік на скрыжаваньні. Паверце, я ні разу не каштаваў, што гэта за такія прадукты харчаваньня. І трэба яшчэ паглядзець, што за мяса сюды возяць. Час есьці беларускае! Нам гэтая зараза тут не патрэбная!» (2001)

«Пакажыце, чым Захад займаецца тут, як яны з нашых дзяўчат намагаюцца зрабіць прастытутак, як кормяць нашых грамадзянаў наркотыкамі, як „галубізну“ распаўсюджваюць» (2006)

«Я для заходніх палітыкаў чужы ідэалягічна. Я ніколі ня буду для іх сваім. Ім пляваць на тое, што Лукашэнка не карумпаваны. А яны ўсе там жулікі. На грашах сядзяць. І чым багацейшая краіна, тым больш» (2011)

«Лепш быць дыктатарам, чым „блакітным“ (пра кіраўніка МЗС Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле — РС). А лесьбіянкі хай будуць, можна нават паглядзець...» (2012)

«Здарыўся канфлікт з амбасадарамі Эўразьвязу. І калі мне прынесьлі аналітычную запіску, я быў прыемна зьдзіўлены: ніводзін дыплямат, які быў вымушаны зьехаць, гэтага не хацеў. Рэфрэн адзін: цудоўная краіна, добры народ. Публічна выціраюць аб нас ногі, а на самой справе ісьціна іншая: гавораць, што ў Беларусі дэмакратыі ня меней, чым у іх» (2012)

2006 год. Лукашэнка выступае пасьля прэзыдэнцкіх выбараў на трэці тэрмін і разгону «Плошчы» — масавай шматдзённай акцыі пратэсту ў цэнтры Менску

«Эўразьвязу няймецца разбурыць нашую стабільнасьць і зьнішчыць нашую дзяржаву, зрабіць яе падручнай ва ўсіх адносінах. Мы ім гэта дазволіць ня можам. Нікому жыць не перашкаджаем і не зьбіраемся, але прымусім сябе паважаць» (2012)

«Дзякуй Богу, наша царква не хварэе на тую заразу, як на Захадзе: і пэдафілія, і „галубізна“, і „ружовыя“, і чорт ведае што сёньня творыцца. У нас такіх маштабаў няма, але захворваць ужо пачынаем. І я думаю, што праваслаўная царква тут, у тым ліку і зь дзяржавай, недапрацоўвае» (2013)

Пра саюзны аблом

«Мы, як у 1941-м, знаходзімся ў варожым атачэньні! Ворагі заселі ў кіраўніцтве суседняй дзяржавы, зь якой мы падпісалі дамову аб супольнасьці» (1996)

1997 год. Лукашэнка сустракаецца з прэзыдэнтам Расеі Барысам Ельцыным. На перамовах закладаецца аснова інтэграцыі дзяржаў — таго, што пазьней назавуць «саюзнай дзяржавай». Існуе распаўсюджаная думка, што Лукашэнка хацеў стаць кіраўніком абʼяднанай дзяржавы

«Нам прапануюць у парушэньне ўсіх дамоўленасьцяў газ амаль удвая даражэй. Я лічу гэта актам тэрарызму на самым высокім узроўні, калі ў 20-градусны мароз не чужы народ, у паловы якога цячэ руская кроў, пазбаўляюць прыроднага газу. Хоча Пуцін, каб мы плацілі гэтыя грошы, давайце забяром ад чарнобыльцаў, ад тых, хто гніў у акопах. Можа, тады перастануць шантажаваць» (2004)

«У вас ад Масквы да заходніх межаў на кантакце з НАТО хоць адна вайсковая частка ёсьць? Толькі беларускія! І я — адзіны прэзыдэнт. Калі, груба кажучы, танкі пойдуць на Расею, мы паміраць тут будзем за яе. Назавіце хоць адну дзяржаву, якая б адкрыта заявіла, што будзе паміраць за Расею?» (2006)

2002 год. Лукашэнка сустракаецца з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным — значна больш папулярным за свайго папярэдніка Ельцына. Праект «саюзнай дзяржавы» тармозіцца, адзіная валюта так і не зьяўляецца

«Яны багатыя, вельмі (Пуцін і Мядзьведзеў. — РС), супэрмільярдэры, упакаваныя па поўнай праграме. Ну што мне зь імі размаўляць? Я для іх чужы чалавек» (2010)

«Беларус — гэта рускі са знакам якасьці. І калі я гавару рускі, маю на ўвазе не нацыянальнасьць, а тое, што, як раней называлі, „савецкі народ“. Нават ня рускі, а расіянін. Рускі кашулю рване, а беларус — хітрэйшы. А той паглядзіць-паглядзіць і ўсё роўна рване» (2013)

«Як Расея для нас, так і Беларусь для Расеі — анёл-ахоўнік. Мы вырасьлі з аднаго кораня, мы родныя людзі. Таму адсюль наша анёльская роля. І гэта наш галоўны партнэр, куды ад іх падзецца. З гэтага прагматычнага зямнога пункту гледжаньня мы зьяўляемся адзін для аднаго анёламі-ахоўнікамі, калі ўжо сыходзіць у высокае, духоўнае» (2018)

2014 год. Лукашэнка ладзіць у Менску перамовы Пуціна зь Пятром Парашэнкам — нядаўна абраным прэзыдэнтам Украіны ў разгар расейскай агрэсіі на Данбасе і ў Крыме. З таго часу ў Менску рэгулярна будуць праходзіць перамовы пра мір на Данбасе, але сам мір за пяць гадоў перамоваў так і не наступіць

Пра «шалёны рынак»

«У гэты шалёны рынак ня я вас прывёў. Я сам яго ні душой не ўспрымаю, ні сэрцам па многіх кірунках. Але куды падзецца? Усе туды прыйшлі. Хто хацеў — сьвядома, хто не хацеў — зацягнулі. Гэта як пыласос — усясьветная эканоміка. Ну і што ў рамках невялікай краіны ўпірацца?» (2007)

«У любой краіне павінна быць канкурэнцыя ва ўсім. Я наагул чалавек, які абсалютна абагаўляе канкурэнцыю: ёсьць канкурэнцыя — ёсьць нармальнае жыцьцё. Тое ж самае і палітычная канкурэнцыя» (2011)

1999 год. Лукашэнка ў Маскве

«Хопіць ужо „дурачку качаць“ гэтую з рынкавымі адносінамі. Вось яно, паглядзіце, дзе гэтыя дэмакратыя і рынак, што адбываецца» (2014 год)

«У нас рынак — гэта жулікі перш за ўсё. Вось гавораць, што рынак усё адрэгулюе — ды ніколі ў жыцьці» (2016)

«Каб уся эканоміка была прыватная, дык я быў бы вечным прэзыдэнтам» (2017)

«Я грошы прывожу з-за мяжы, а адсюль вывожу тавары. Я галоўны лабіст сваіх тавараў — калі ты хочаш працаваць эфэктыўна, то будзеш гэтым займацца. У Амэрыцы нават калі 200 мільёнаў кантракт, ужо прэзыдэнт займаецца, 100–150 — дзяржсакратар. У нас такой „дзялёжкі“ няма. Ну, і дзесьці невялікія па кошце грошы, крэдыты — таксама мая праца» (2018)

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка не сьвяткаваў 25-годзьдзе свайго прэзыдэнцтва?

Пра «габрэйскае пытаньне»

«Калі вы (расейскія журналісты. — РС) былі ў Бабруйску, бачылі, у якім стане горад. У яго страшна было зайсьці, сьвінушнік сапраўдны! Было пераважна габрэйскае паселішча, а вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, дзе жывуць... Мы прывялі яго да ладу і ім сказалі: „З грашыма вяртайцеся!“. Такіх габрэяў прымем» (2007)

«Так званага габрэйскага пытаньня ў Беларусі няма ўвогуле. Аднойчы з Пуціным закранулі гэта, і я кажу: „Трэба стаць перад люстэркам і паглядзець, ці няма ў нас гэтай габрэйскай крыві?“ Бо тут, пэўна, у кожнага знойдзецца руская, украінская, польская, літоўская кроў» (2007)

«Запрасіў Шапіру: „Сямён Барысавіч, паедзеш у Горадню губэрнатарам“. Адказвае: „Гасподзь з вамі, я ж габрэй“. Кажу, ну дык у нас рыса аселасьці была, Кацярына высылала, усё перамяшана, чаго перажываеш? Едзь і пабудуй нармальную вобласьць, каб паважалі габрэяў у Беларусі і ў Расеі» (2013)

2015 год. Лукашэнка выступае з трыбуны ААН у Нью-Ёрку

«Іншаземцы ацанілі спакойную Беларусь, дзякуюць у тым ліку і дыктатару Лукашэнку. Дык скарыстайцеся, грамадзяне, гэтым зручным момантам і прапануйце паслугі, зарабіце капейчыну, пашавяліцеся крыху. Габрэйскай жа крыві ў нас дастаткова, цяпер жа за гэта не караюць» (2014)

«Мяне інфармуюць, што вось там дзесьці tut.by... Сямен Барысавіч (Шапіра, кіраўнік Менаблвыканкаму, габрэй. — РС), Зісер гэты ў вас несумленна сябе паводзіць... Дык колькі можна працаваць? Я ж вас прасіў год таму. Я даручыў усіх габрэяў узяць пад кантроль у Беларусі, і нават Павал Ізотавіч не абураўся. Зісер ніяк ня можа... Ніяк ня можам мы чалавека нармалізаваць. Паглядзі ўважліва». (2015)

Пра дзярмо

«Галава дзяржавы не для таго, каб э-э-э... лезьці ў рознага кшталту дзярмо, я яго і так добра ведаю» (2000)

«Самае галоўнае — гэта падняць фэрму на вышыню, каб людзі не целяпаліся, як гэта заўсёды было. Я зь дзяцінства памятаю: па калена, прабачце, у г... і брудзе... Калі фэрма ў жыжы па самыя вокны, яе трэба зьнесьці і пабудаваць новую» (2008)

«Неабходна памятаць, адкуль ты сам прыйшоў. Усе мы, дарагія мае мужыкі і дзяўчаты, прыйшлі адтуль — ад таго простага звычайнага дзярма, у якім калупаецца большая частка сёньняшняга грамадзтва, якому мы не стварылі нармальныя ўмовы для жыцьця» (2014)

«Вы што, хворыя? Гэта ж Асьвенцім! Тут павінна быць чыста і суха штогадзіны, штохвіліны. Яны (каровы. — РС) гадзяць адна на адну, стаяць адна на адной. Тут павінен быць чалавек і ўвесь час чысьціць. А вы мяне пераконваеце, што гэта нармальна. Ты паглядзі на гэтую скаціну! Яна ж уся абас...ая, на шэрсьці закарэла ўсё!» (2019)

«Я выйшаў з таго ж дзярма, якое бачыў на мінулым тыдні. Ведаю, што такое карова, скаціна. І ведаю, што такое парадак у горадзе ці на вёсцы. Таму і патрабую з вас, ведаючы ўсё гэта» (2019)

Пра жанчын і першую лэдзі

«У мяне няма нават кватэры сваёй. І жонка працягвае жыць у тым, ужо легендарным вясковым доме. Праблемы вялікія? Ці мы што, маладажоны па 18–19 гадоў, што кожную хвіліну трэба бачыцца? Не перажывайце, усё нармальна» (2010)

«Што рабіць, калі замужняя жанчына кагосьці любіць на баку? Мы нікому не зьбіраемся паясы вернасьці вешаць на адпаведныя часткі цела — гэта вашыя праблемы. Вы, калі ласка, распараджайцеся сабой, як лічыце патрэбным. Але гандляваць жанчынамі ў нашай дзяржаве забаронена!» (2005)

«Калі вам патрэбная першая лэдзі, то выбірайце іх (апазыцыянэраў. — РС). Яны вам і лэдзі прывядуць, і яшчэ каго-небудзь... Я тут ня ўзор для перайманьня. І беднай была б тая жанчына, нават супэрмадэль у сьвеце, якая б жыла з прэзыдэнтам Беларусі» (2006)

2018 год. Лукашэнка наведвае чарговы баль у Палацы незалежнасьці. Пра ягоную жонку Галіну Лукашэнку згадваюць усё радзей, яна даўно жыве асобна

«Паўсюль пабудавалі аграгарадкі — я так прапанаваў іх называць, каб не было абразьлівага „калгасьнік“. Дык вось трэба ўрэшце ісьці да таго, каб у аграгарадку была хоць бы ўвечары цёплая вада. Каб даярка ці сьвінарка, адпрацаваўшы на фэрме, маладая дзяўчына ці жанчына магла прыйсьці пасьля работы дадому і ў ложак да мужыка лажылася памытай» (2011)

«Калі „жанчына — жанчына“, то гэта наша, драных мужыкоў, віна, што жанчына сёньня другой жанчыне замяніла мужчыну. Мы недзеяздольнымі аказаліся. Тое, што яны ў нас павінны былі знайсьці, пачалі шукаць у жанчыне. Таму я з жалем успрымаю гэтае лесьбіянства. Дрэнна, але не асуджаю» (2012)

«Прэзыдэнцкае крэсла прадстаўніцы слабога полу я б не саступіў. Па-першае, гэта не жаночая, цяжкая справа. Па-другое, у мяне яшчэ і паўнамоцтвы Вярхоўнага галоўнакамандуючага. Ну як жанчына пройдзе перад строем, на вучэньнях? Зараз жанчыны таксама штаны носяць, але гэта ня тое...» (2015)

2017. Падчас фіналу тэніснага Кубку Фэдэрацыі ў Менску

«Я ніколі на ніводнай імпрэзе не сяджу з намыленай мордай сярод чыноўнікаў. Гэта мой прынцып. Заўсёды дзяўчаты. З аднаго боку — сын малы, з другога — дзяўчынка. Адна брунэтка, адна бляндынка, працуюць са мной. Асыстуюць, узнагароды, кветкі, іншае» (2017)

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Лукашэнка хацеў атрымаць шапку Манамаха і што з гэтага выйшла
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ганс-Георг Вік: «Лукашэнка быў гатовы да дыялёгу з апазыцыяй, але Пуцін параіў яму не рабіць гэтага»