За дзедаўшчыну ў Горадзенскай алімпійскай вучэльні навучэнцам прысудзілі «хімію»

Разгляд справы аб дзедаўшчыне ў Горадзенскай дзяржаўнай вучэльні алімпійскага рэзэрву, 5 чэрвеня

Суд Кастрычніцкага раёну Горадні абвясьціў 23 жніўня прысуды за дзедаўшчыну ў Горадзенскай вучэльні алімпійскага рэзэрву.

Два 19-гадовыя абвінавачаныя і адзін 20-гадовы, як выявілі пракуроры, ад верасьня 2017 году да кастрычніка 2018-га зь нязначных нагодаў (кепскія адзнакі, спазьненьні на трэніроўкі, беспарадак у пакоі) зьбівалі непаўналетніх спартоўцаў. Удары наносілі кулакамі ў грудзі, спартовым абуткам па ягадзіцах, білі таксама праз баксэрскія пальчаткі.

«Сярод іншага пракуроры зьвярнулі ўвагу на тое, што некаторыя навучэнцы неўзабаве пасьля паступленьня забіралі дакумэнты з установы адукацыі, — адзначае пракуратура. — Пэрспэктыўныя спартоўцы патлумачылі такія ўчынкі ўжываньнем фізычнага ўзьдзеяньня да іх з боку навучэнцаў старэйшых курсаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Уся заля чула, як ён біў». Падлеткі пра дзедаўшчыну ў алімпійскай вучэльні

Аднаму з 19-гадовых абвінавачаных за «злоснае хуліганства» (чч. 2 і 3 арт. 339 КК РБ) і «рабаваньне» (ч.1 арт. 206 КК РБ) прысудзілі тры з паловай гады абмежаваньня волі ва ўстанове адкрытага тыпу. Астатнія два за «злоснае хуліганства» (ч.2 арт. 339 КК РБ) атрымалі па два гады і тры месяцы абмежаваньня волі без накіраваньня ў калёнію. Праз амністыю ім усім скарацілі пакараньне на 1 год.

Прысуд яшчэ не набыў сілы і можа быць абскарджаны.

Іншага навучэнца, 18-гадовага Руслана Сіроціна, раней асудзілі за тое, што ён незнарок забіў свайго таварыша па спорце Андрэя Дараховіча. Хлопцу прызначылі 9 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асудзілі спартоўца, які да сьмерці «прабіў фанэру» падлетку-цяжкаатлету з алімпійскай вучэльні