Старшыня Вярхоўнага суду абвінаваціў Сьледчы камітэт у парушэньні прэзумпцыі невінаватасьці

  • БелаПАН

Старшыня Вярхоўнага суду Беларусі Валянцін Сукала

Сярод недахопаў работы Сьледчага камітэта — парушэньне прынцыпу прэзумпцыі невінаватасьці, заявіў старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала па выніках нарады з кіраўнікамі сілавых структур, якая прайшла 20 жніўня ў Аляксандра Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 галоўных парушэньняў праваахоўнікаў, якія заўважыў Лукашэнка. Коратка

«Быў парушаны галоўны канстытуцыйны прынцып крымінальнага правасудзьдзя — гэта прынцып прэзумпцыі невінаватасьці. Калі органы папярэдняга расьсьледаваньня, органы дазнаньня надаюць асаблівае значэньне першасным апэратыўным даным, атрыманым на пачатковай стадыі крымінальнага працэсу. І затым значэньне гэтых доказаў пераацэньваецца, а затым падчас далейшых працэсуальных дзеяньняў яны не пацьвярджаюцца», — паведаміў Сукала ў эфіры тэлеканала СТВ.

Ён зазначыў, што існуе тэндэнцыя да павелічэньня колькасьці тамоў крымінальнай справы, што не павышае якасьці расьсьледаваньняў.

«Манія нейкая на шматтомнасьць ідзе. Чым больш тамоў, тым быццам бы лепш даказаная віна, але нам патрэбныя канкрэтныя [доказы]. Няхай іх будзе менш, але яны будуць лепшымі. Калі яны канкрэтна не выклікаюць сумневаў, калі на відэазапісе ёсьць прадмет атрыманьня хабару, нам не патрэбныя іншыя доказы», — сказаў Сукала ў эфіры ОНТ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Некаторыя ў пагонах „прыбурэлі і абарзелі“ да таго, што яны проста не павінны іх насіць»

Паводле яго слоў, трэць прадстаўленых доказаў суды не выкарыстоўваюць.

«У Сьледчым камітэце часам клясыфікуецца складанасьць справы і выдаткі кожнага сьледчага ў залежнасьці ад колькасьці тамоў. Гэта я лічу памылковым, таму што гэта ня сьведчыць ні пра складанасьць справы, ні пра выдаткі. Прыкладна 30% ад такога аб’ёму доказаў не выкарыстоўваюцца судамі, і яны відавочна не патрэбныя», — лічыць Сукала.