У Стоўпцах пачынаецца суд у справе аб двайным забойстве ў школе

Ля будынку суду Стаўпцоўскага раёну Менскай вобласьці, дзе мае адбыцца паседжаньне. Стоўпцы, 19 жніўня 2019 году

Справу будзе разглядаць Менскі абласны суд у выязным паседжаньні. Працэс пройдзе ў закрытым рэжыме.

Працэс у справе аб двайным забойстве ў стаўпецкай школе пачнецца ў 11.00 у панядзелак 19 жніўня ў Стоўпцах. Першапачаткова паведамлялася, што працэс будзе разглядаць Менскі абласны суд. Пазьней у прэс-службе Вярхоўнага суда ўдакладнілі, што разгляд справы адбудзецца ў Стоўпцах на выязных паседжаньнях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у справе аб двайным забойстве ў школе пройдзе ў Стоўпцах

Як паведамілі Свабодзе родныя загінулых, яны не падавалі хадайніцтва аб закрыцьці працэсу для грамадзкасьці і СМІ. Гэтае рашэньне было прынятае бязь іх удзелу. Родныя ахвяраў лічаць, што працэс можна было зрабіць адкрытым.

«Чаму працэс пройдзе ў закрытым рэжыме? Цяжка сказаць, — расказаў Свабодзе бацька загінулага 11-клясьніка Аляксандра Раманава Сяргей. — Я думаю, што лепш бы працэс быў адкрыты. У мяне засталіся пытаньні да таго, як вялося сьледзтва. Толькі што ад гэтага цяпер, які сэнс? Суд, сьледзтва, — цяпер гэта ўжо фармальнасьці. Мая думка такая, што тут хутчэй псыхалягічны фактар, з гэтым злачынствам».

Суд Стаўпецкага раёну Менскай вобласьці, 19 жніўня 2019 году

Родныя загінулай настаўніцы паведамілі Свабодзе, што будуць прасіць суд дапусьціць іх на працэс у якасьці пацярпелых. Пакуль пацярпелым прызнаны толькі муж загінулай Марыны Пархімовіч Вячаслаў.

У якасьці сьведак у працэсе будуць удзельнічаць вучні і настаўнікі стаўпецкай школы № 2, а таксама родныя абвінавачанага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Атрымае максымум 10 гадоў». Рэпартаж са Стоўпцаў напярэдадні суду ў справе аб двайным забойстве

Вадзіма М. абвінавачваюць у злачынствах, прадугледжаных · ч. 3 арт. 339 (хуліганства з выкарыстаньнем зброі), · пп.1, 6, 13 ч. 2 арт.139 (забойства дзьвюх і больш асобаў з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскімі матывамі), · ч.1 арт.14 (замах на злачынства) і · пп.1, 6, 10, 13 ч. 2 арт. 139 (забойства дзьвюх і больш асобаў з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскімі матывамі і забойства асобы ў сувязі з выкананьнем ёй службовых абавязкаў).

Разгляд справы будзе закрыты (паводле ч. 2 арт.23 УПК), бо М. не дасягнуў 16-гадовага ўзросту на момант злачынстваў, у якіх яго абвінавачваюць. Да таго ж у матэрыялах справы ёсьць зьвесткі пра стан ягонага здароўя, якія складаюць мэдыцынскую тайну (арт. 46 закону «Аб ахове здароўя»).

Коратка пра справу

Раніцай 11 лютага адзін з вучняў стаўпецкай сярэдняй школы № 2, Вадзім М., 2003 году нараджэньня, напаў з нажом на настаўніцу і некалькіх вучняў. Настаўніца і адзін вучань загінулі на месцы, яшчэ двое вучняў трапілі ў шпіталь. Нападнік уцёк. Затрымалі хлопца празь некалькі гадзін у пад’езьдзе аднаго са стаўпецкіх шматпавярховікаў. Пазьней высьветлілася, што акрамя нажа, нападнік быў узброены таксама малатком, а пацярпелых было больш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацька забітага ў Стоўпцах хлопца: «Хай бы працэс быў адкрытым»

Як праходзіла расьсьледаваньне

Справай ад пачатку займаўся цэнтральны апарат Сьледчага камітэту. Празь некалькі гадзін на месца здарэньня прыехаў старшыня СК Іван Наскевіч, які сустракаўся з вучнямі і настаўнікамі школы. Большасьць зь іх перасталі размаўляць з журналістамі, спасылаючыся на пажаданьні сьледчых.

У першыя дні пасьля здарэньня Вадзім М адмаўляўся даваць паказаньні і не ішоў на кантакт з супрацоўнікамі СК. Сьледчыя падрабязна вывучалі кампутар і тэлефон нападніка. Паведамлялася, што перад злачынствам ён выдаліў свае акаўнты ў сацсетках, а таксама зьнішчыў інфармацыю зь цьвёрдых дыскаў. Вадзім М. пасьля затрыманьня быў накіраваны на экспэртызу ў «Навінкі», якая ня выявіла ў яго адхіленьняў псыхічнага стану.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Школьнік са Стоўпцаў сьвядома ішоў на забойства, — Сьледчы камітэт

Галоўнае пытаньне

Адзін з самых таямнічых момантаў стаўпецкай трагедыі, які павінен высьветліць суд, — матывы злачынства. У першыя дні пасьля яго выстаўляліся вэрсіі пра канфлікт паміж Вадзімам М. і старшаклясьнікамі, а таксама перадузятае стаўленьне да яго з боку загінулай настаўніцы. У момант злачынства абвінавачаны не знаходзіўся ў стане алькагольнага альбо наркатычнага ап’яненьня.

Сьледчы камітэт паведамляе таксама, што Вадзім М. прызнаў сваю віну толькі часткова. Яго абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 139 (забойства дзьвюх асобаў з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскіх памкненьняў) і паводле 14-й часткі артыкулу 139 (спроба забойства з хуліганскіх памкненьняў).

Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае

  • Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
  • 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
  • Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.