Брэксыт без дамовы пагражае перабоямі з харчамі і лекамі, — Sunday Times цытуе ўрадавыя дакумэнты 

Брытанскі прэм'ер Борыс Джонсан

Вялікабрытаніі пагражаюць «значныя» збоі, калі яна выйдзе з Эўразьвязу без дасягненьня гандлёвага пагадненьня. Пра гэта гаворыцца вы ўрадавых дакумэнтах, якія апублікавала выданьне Sunday Times.

Перабоі з пастаўкамі мэдыкамэнтаў, харчаваньня і паліва могуць працягнуцца да паўгода, гаворыцца ў дасье, падрыхтаваным урадам пад кодавай назвай «Апэрацыя жоўты молат». Паводле Sunday Times, урад разглядае гэта не як найгоршы, а як найбольш імаверны сцэнар.

«Дасье дае рэдкую магчымасьць зірнуць на сакрэтную падрыхтоўку, якую вядзе ўрад, каб пазьбегнуць катастрафічнага каляпсу ў інфраструктуры краіны», — піша Sunday Times.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанскія дэпутаты паказалі сьпіны калегам у Эўрапарлямэнце. ФАТАФАКТ

​Для ўраду Нямеччыны выхад Вялікабрытаніі з Эўразьвязу без дамовы ня стане нечаканасьцю, — заявіла ў нядзелю, 18 жніўня, нямецкая канцлерка Ангела Мэркель. Яна выступіла ў Бэрліне перад публікай, якая сабралася каля будынка ўраду з нагоды традыцыйнага Дня адчыненых дзьвярэй.

Было б лепш, каб Вялікабрытанія выйшла з Эўразьвязу паводле дамовы аб выхадзе, але калі гэтага не атрымаецца дамагчыся, то Нямеччына гатовая «і да іншых варыянтаў», цытуе Мэркель «Нямецкая хваля».

Раней прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Борыс Джонсан неаднаразова заяўляў, што ў любым выпадку мае намер вывесьці краіну з ЭЗ да 31 кастрычніка, нават калі давядзецца накінуць Эўразьвяз без дамовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ілюзіяў не было». Беларуска пра шлях ад петрыкаўскай школы да намесьніцы дырэктара Globsec

Лідэр брытанскай апазыцыйнай партыі лейбарыстаў Джэрэмі Корбін мяркуе, што ўрад краіны ня мае паўнамоцтваў на «Брэксыт» без пагадненьня з Брусэлем. Пра гэта Корбін напісаў 14 жніўня ў лісьце да лідэраў апазыцыйных палітычных партый і дэпутатаў брытанскага парлямэнту. Палітык мае намер прадухіліць разьвіцьцё падзей па такім сцэнары, у прыватнасьці, ініцыяваўшы галасаваньне аб даверы Борысу Джонсану.