Дэпутаты брытанскай «Партыі Брэксыту» адвярнуліся ад залі пры выкананьні гімну Эўразьвязу «Ода да радасьці» падчас першага пасяджэньня новага скліканьня Эўрапарлямэнту ў аўторак. Яны патлумачылі гэта непрызнаньнем сьцяга і гімна як сымбаляў ЭЗ.
Падчас пасяджэньня свае акцыі таксама правялі праціўнікі выхаду Злучанага Каралеўства з саюзу. Дэпутаты брытанскай Лібэральна-дэмакратычнай партыі прыйшлі ў футболках з надпісам «bollocks to Brexit» (больш грубы аналяг фразы «на фіг Брэксыт»), у некалькіх іншых дэпутатаў на вопратцы былі і іншыя лёзунгі па гэтай тэме.
- Цяперашні парлямэнт адрозьніваецца больш роўным, чым раней, разьмеркаваньнем галасоў паміж партыямі. Упершыню ў гісторыі асамблеі ў двух найбуйнейшых аб’яднаньняў няма самастойнай большасьці, што ўскладняе абраньне кіраўнікоў эўрапейскіх інстытуцый. Лідэры краін Эўразьвязу пакуль не змаглі дамовіцца адносна кандыдатур на «вялікую чацьвёрку» пасадаў: кіраўнікоў Эўракамісіі, Эўрапарлямэнту, старшыняў Эўрапейскай рады і Эўрапейскага цэнтральнага банку.
- Выбары ў Эўрапарлямэнт прайшлі 23-26 траўня, асамблея абіраецца на пяцігадовы тэрмін.
- Партыя Брэксыту заняла першае месца на выбарах у Эўрапарлямэнт у Вялікабрытаніі.