Скотланд-Ярд паведаміў аб чацьвёртым пацярпелым ад атручваньня ядам «Навічок» у Солсбэры. Гаворка ідзе пра паліцэйскага, які ўдзельнічаў у расьсьледаваньні атручваньня былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі ў сакавіку 2018 году.
Чацьвёрты пацярпелы, паліцыянт Нік Бэйлі, у адрозьненьне ад астатніх атрымаў невялікую дозу нэрвова-паралітычнага рэчыва. Неўзабаве пасьля гэтага ён вярнуўся да сваіх абавязкаў, паведамляе Скотланд-Ярд.
Амбасада Расеі ў Лёндане заявіла, што інфармацыя Скотланд-Ярда не выклікае даверу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША афіцыйна абвясьцілі новыя санкцыі супраць Расеі праз атручэньне СкрыпалёўСяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія былі атручаныя ў Солсбэры 4 сакавіка 2018 году з дапамогай нэрвова-паралітычнага рэчыва «Навічок», распрацоўка якога вялася яшчэ ў Савецкім Саюзе. Пацярпелыя выжылі. Пра тое, дзе яны знаходзяцца цяпер, не паведамляецца.
Праз тры месяцы, у чэрвені, флякон з рэчывам знайшоў жыхар суседняга гораду Эймсбэры Чарлі Роўлі. Ён сам пацярпеў, а яго сяброўка Дон Стэрджэс загінула.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ВВС: Кіраўнік групы атрутнікаў ў Солсбэры быў генэраламЛёндан сьцьвярджае, што замах арганізаваў Крэмль, і ўсклаў адказнасьць за тое, што адбылося, асабіста на прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
Паводле дадзеных брытанскіх уладаў, замах зьдзейсьнілі два агенты расейскай вайсковай выведкі, вядомыя пад імёнамі Аляксандар Пятроў і Руслан Башыраў. Група Bellingcat і выданьне The Insider, у прыватнасьці, мяркуюць, што пад імёнамі Пятрова і Башырава хаваліся афіцэры ГРУ Аляксандар Мішкін і Анатоль Чапіга. Дзеяньнямі Пятрова і Башырава мог кіраваць генэрал-маёр ГРУ Дзяніс Сяргееў.
Масква абвінавачваньні ў атручваньні Скрыпалёў адхіляе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяскоў: размова Мэй з Пуціным у справе Скрыпалёў была жорсткая