Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяскоў: размова Мэй з Пуціным у справе Скрыпалёў была жорсткая

Тэрэза Мэй і Ўладзімір Пуцін у Осацы 28 чэрвеня 2019 году
Тэрэза Мэй і Ўладзімір Пуцін у Осацы 28 чэрвеня 2019 году

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што частка гутаркі прэм’ер-міністаркі Вялікабрытаніі Тэрэзы Мэй з Уладзімірам Пуціным, якая тычылася атручэньня Скрыпалёў, была «жорсткая» і «гранічна адкрытая».

Паводле Пяскова, Пуцін «дастаткова даходліва» патлумачыў прэм’ер-міністарцы «ўсё, што патрабавала тлумачэньняў у гэтай справе», але яму цяжка сказаць, ці засталася Мэй задаволеная пачутым.

Іншых падрабязнасьцяў гутаркі Пяскоў не паведаміў, дадаўшы толькі, што на яго думку брытанскі бок да гэтага часу ня даў ніякіх доказаў віны Расеі ў атручэньні Скрыпалёў. «Інакш яны былі б нейкім чынам апублікаваныя», — рэзюмаваў прэс-сакратар Пуціна.

Сустрэча Мэй з Пуціным адбылася 28 чэрвеня ў японскім горадзе Осака падчас правядзеньня саміту G20. Тая яе частка, у якой закраналася справа Скрыпалёў, прайшла за зачыненымі дзьвярыма толькі ў прысутнасьці перакладчыкаў.

Былы супрацоўнік ГРУ Расеі Сяргей Скрыпаль, які супрацоўнічаў з брытанскай выведкай, і яго дачка Юлія былі атручаныя ў сакавіку 2018 году ў ангельскім горадзе Солсбэры нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок». Акрамя іх у выніку дзеяньня «Навічка» пацярпелі трое грамадзянаў Вялікабрытаніі — Чарлі Роўлі, Ніка Бэйлі, Дон Стэрджэс. Апошняя памерла. Скрыпалям удалося выжыць. Іх цяперашняе месцазнаходжаньне старанна хаваецца.

  • Паводле вэрсіі сьледзтва, на Скрыпаля маглі ўчыніць замах яго былыя калегі. Расьсьледная група Bellingcat выявіла іх імёны — гэта афіцэры ГРУ Анатоль Чапіга і Аляксандр Мішкін, якія, паводле дадзеных групы, заехалі ў Брытанію з падробленымі пашпартамі на імёны Руслана Башырава і Аляксандра Пятрова.
XS
SM
MD
LG