У Жэнэве вырашаць, ці былі прысуды лідэрам незалежнага прафсаюзу РЭП палітычнымі

Генадзь Фядыніч пасьля суду па «справе РЭП», 24 жніўня 2018 году

Камітэт па свабодзе аб’яднаньняў Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) будзе ў верасьні разглядаць у Жэнэве «справу беларускіх прафсаюзаў». Пра гэта Свабодзе сказаў былы старшыня незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзь Фядыніч.

Паводле яго, камітэт папярэдне прааналізуе ўсе дакумэнты. І тыя, што дасылае ў Жэнэву на запыт МАП беларускі ўрад, і тыя, што падрыхтавалі незалежныя прафсаюзы. Экспэрты МАП павінны адказаць на галоўнае пытаньне: справа прафсаюзаў — палітычная ці крымінальная? Ці ёсьць у ёй палітычны заказ, ці гэта фінансавыя парушэньні беларускага заканадаўства?

На пытаньне Свабоды, чаму да гэтага вяртаюцца аж праз год пасьля прысуду, спадар Фядыніч адказаў, што існуюць дзьве прычыны.

«Першая — пры ўсёй павазе да МАП яна, як і іншыя міжнародныя структуры, даволі неразваротлівая. Хоць у Жэнэве нам кажуць, што вы не адны на сьвеце і таму чакайце сваёй чаргі.

Другая прычына — беларускія ўлады падалі міжнароднай супольнасьці наш прысуд як пакараньне за ўхіленьне ад выплаты падаткаў, хоць ніводнага факту, які б гэта пацьвердзіў, не было. А на Захадзе нясплата падаткаў традыцыйна лічыцца цяжкім крымінальным учынкам. Таму, шчыра скажу, некаторыя міжнародныя арганізацыі як бы ўзялі тайм-аўт. Аднак цяпер справа зрушылася», — тлумачыць прафсаюзны актывіст.

«Справа РЭП». Што важна ведаць

  • Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017-га. Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах.
  • Прафсаюзных актывістаў абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў.
  • У межах справы сьледчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
  • 24 жніўня лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП Фядыніча і Комліка асудзілі на 4 гады «хатняй хіміі».
  • Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».
  • Праваабаронцы, якія сачылі за судовым працэсам, адзначалі, што многія доказы здабытыя ў межах «таямнічых працэдураў».
  • З заявамі пра неабходнасьць адмены абвінаваўчага прысуду Фядынічу і Комліку выступаюць беларускія праваабарончыя і міжнародныя арганізацыі. Так, на думку міжнароднай праваабарончай арганізацыі Front Line Defenders, перасьлед прафсаюзных лідэраў зьвязаны выключна зь іхнай мірнай і законнай працай у галіне абароны правоў чалавека.
  • З патрабаваньнем адмяніць пакараньне лідэрам РЭП зьвярнуліся да прэзыдэнта Беларусі Глябальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў.

Што такое прафсаюз РЭП і чаму яго перасьледуюць