Чаму беларускія цягнікі сыходзяць з рэек? Тлумачыць спэцыяліст

Фота МНС Беларусі

Упраўленьне Беларускай чыгункі на сваім сайце паведамляе, што для расьсьледаваньня інцыдэнту на перагоне каля вёскі Замасточча пад Віцебскам, дзе напярэдадні з рэек сышло 18 цыстэрнаў з прапанам (адна зь іх працякла), стварылі спэцыяльную камісію. Прычына надзвычайнага здарэньня пакуль невядомая.

Гэта ўжо другі цягам 10 дзён падобны выпадак: 15 ліпеня на ўчастку Ворша — Менск з рэек сышло 7 вагонаў таварнага цягніка, пацярпелых не было.

Чаму цягнікі ў Беларусі сыходзяць з рэек? Свае вэрсіі Свабодзе агучыў Іван Галаўлёў, які цяпер на пэнсіі, а дагэтуль шмат гадоў кіраваў лякаматывам таварнага саставу.

Паводле адмыслоўца, найбольш імаверная прычына чыгуначных катастрофаў — пашкоджаньне хадавой часткі. Найперш гэта тычыцца паломкі бакавой рамы ў вагонным вазку, дзе мацуюцца колы. Калі літая жалезка адвальваецца і падае на рэйкі або ўпіраецца ў шпалы, паламаны вагон сыходзіць і цягне за сабой астатнія.

Як кажа спадар Галаўлёў, бракаваную дэталь знайсьці досыць цяжка: бакавая рама мае складаную форму і абсьледаваць кожны яе сантымэтар не ўяўляецца магчымым. Асноўныя дэфэкты хадавой часткі зьвязаныя зь «недалітым» мэталам, што аслабляе трываласьць вырабу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Віцебскам з рэек сышло 15 цыстэрнаў з прапанам. Быў выцек


Іншая імаверная прычына можа быць выкліканая няпоўным пераводам стрэлак. Цяпер гэтая функцыя аўтаматызаваная, аднак і аўтаматыка не гарантуе 100-адсоткавай дакладнасьці манэўру. Здараецца, стрэлка даводзіцца не да канца, што таксама можа прывесьці да сыходу цягніка з рэек.

Як кажа суразмоўца, ня трэба скідваць з рахункаў і чалавечы фактар. Калі машыніст лякаматыву выбірае няправільную хуткасьць пры ўваходзе ў паварот (як правіла, вышэйшую за дапушчальную), вагоны ці цыстэрны могуць вылецець з рэек.

Нарэшце, нездавальняючы стан дарог. На думку Івана Галаўлёва, хоць дагляд у Беларусі арганізаваны добра, тым ня менш краіна ахутаная тысячамі кілямэтраў сталёвых рэек, і брыгады пуцявых рабочых мусяць штодзень падтрымліваць чыгуначную гаспадарку ў спраўным стане. Аднак калі раптам пад палатном у выніку залевы прасядзе зямля і рэйкі дэфармуюцца, гэта падвышае рызыку непажаданых наступстваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выцек прапану з адной з цыстэрнаў, якія сышлі з рэек пад Віцебскам, ліквідаваны