Дэпутатаў Вярхоўнай Рады можна будзе абраць у Менску і Берасьці

Архіўнае фота. На выбарчым участку падчас галасаваньня на мінулых парлямэнцкіх выбарах ва Ўкраіне, 2014 год

У пасольстве Ўкраіны ў Менску і ўкраінскім консульстве ў Берасьці 21 ліпеня будуць адкрытыя ўчасткі для галасаваньня на пазачарговых парлямэнцкіх выбарах, паведамляе сайт Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны.

Выбары праходзяць паводле прапарцыйна-мажарытарнай сыстэмы: палова з 450 дэпутатаў Вярхоўнай рады абіраецца па партыйных сьпісах, палова — па аднамандатных акругах. Выбары не праводзяцца ў Крыме, які ў 2014 годзе далучыла Расея, а таксама ў раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей, не падкантрольных украінскім уладам.

Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў 22 партыі. Каб прайсьці ў парлямэнт, неабходна набраць як мінімум 5% галасоў. Згодна з рознымі апытаньнямі грамадзкай думкі, лідарам зьяўляецца партыя «Слуга народа» Дзьмітрыя Разумкова, якая падтрымлівае новага прэзыдэнта краіны Ўладзіміра Зяленскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна за тыдзень да выбараў, якія завершаць зьмену ўлады: рэйтынгі і прагнозы