Кароль Жукоў

Рычард Дад «Майстэрскі ўдар казачнага дрывасека» (1855-1864)

Між дзьвюма дарогамі — алея. Перайшоўшы першую дарогу, прастую да другога пераходу. Раптам бачу — вялізарны, з далонь, жучышча з аленевымі рагамі бяжыць да газону.

Не пасьпее — хто цяпер пад ногі глядзіць?

Бяру жука, падыходжу да газона і кідаю ўперад і ўгару. Але жук адлятаць ня хоча, падае у траву. Падымаю інсэкта, саджаю на дрэва. Жук чапляецца кіпцюрамі і, седзячы, водзіць вусамі. Раптам чую: «Дзякуй!»

Азіраюся — нікога, а ўжо час вуліцу пераходзіць. Перад сьвятлафорам стаіць аўто, за стырном — круглатвары цёмнавалосы мужчына з чорнымі вусамі, глядзіць ветліва:

— Дзякуй, добры чалавек, — махае рукою ды ад’яжджае…

І я разумею, што гэта быў сам Кароль Жукоў.

Уладзімер Бацуноў

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org