Генэральная пракуратура Беларусі перадала ў Менскі абласны суд справу аб двайным забойстве ў школе №2 ў Стоўпцах.
«Вывучыўшы матэрыялы крымінальнай справы, якую вяло галоўнае сьледчае ўпраўленьне Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь, у Генэральнай пракуратуры прыйшлі да высновы аб абгрунтаванасьці абвінавачаньня, поўным і аб'ектыўным дасьледаваньні абставінаў злачынстваў, пагадзіліся з кваліфікацыяй дзеяньняў абвінавачванага, — сьцьвярджаецца на сайце ведамства. — Выбраная мера стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту пакінутая бязь зьмены».
Сьледчы камітэт 5 ліпеня паведаміў аб завяршэньні расьсьледаваньня крымінальнай справы. Абвінавачаньне 16-гадоваму школьніку выстаўлена паводле трох артыкулаў:
- забойства дваіх чалавек з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскіх матываў (ч. 2 арт. 139 КК РБ);
- замах на забойства двух чалавек з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскіх матываў (ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 139 КК РБ);
- асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 139 КК РБ).
Папярэдне казалі пра абвінавачаньне толькі паводле першых двух пунктаў.
Здарэньне адбылося 11 лютага ў стаўпецкай школе №2, нападнік забіў нажом настаўніцу гісторыі і вучня 11-й клясы. Абвінавачваны часткова прызнаў віну.
За двайное забойства ў Беларусі могуць пакараць нават пажыцьцёвам зьняволеньнем і расстрэлам, але непаўналетнім такога не прысуджаюць. Максымальны тэрмін для тых, хто зрабіў такое злачынства ва ўзросьце 14–16 гадоў — 12 гадоў турмы (да 13 гадоў у суме прысудаў).
Абвінавачваны застаецца пад вартай, справа перададзеная пракурору для накіраваньня ў суд. Ягоны бацька адмовіўся камэнтаваць Свабодзе справу.
У час расьсьледаваньня, піша СК, аднавілі храналёгію падзеяў з дапамогай відэакамэр назіраньня, паказаньняў абвінавачванага, сьведак і пацярпелых. Выявілася, што:
- незадоўга да забойстваў абвінавачваны ўдарыў малатком аднаклясьніка, але абышлося нязначнай ранай;
- меў пры сабе ня толькі малаток і нож, але таксама «піратэхнічныя вырабы»;
- напаў на настаўніцу і вучняў, «дэманструючы сваю ўяўную перавагу і выключнасьць адносна навакольных»;
- у школьным кабінэце нанёс настаўніцы «ня менш за два» ўдары нажом, выбег з кабінэта, нанёс раненьні двум аднаклясьнікам, якія спрабавалі яго спыніць, зайшоў у іншы кабінэт і нанёс удары нажом вучню 11-й клясы;
- выйшаў у калідор, пагражаў нажом намесьніку дырэктара і настаўніку біялёгіі, спусьціўся ў вэстыбюль, пагражаў нажом аднаклясьніцы, падрапаў ім ейную шыю, уцёк;
- паводле псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызы, «мог у поўнай ступені асэнсоўваць значэньне сваіх дзеяньняў і кіраваць імі.
Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае
- Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
- 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
- Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.