Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трагедыя ў Стоўпцах: школьніку выставілі канчатковае абвінавачаньне ў двайным забойстве і асабліва злосным хуліганстве


Школа ў Стоўпцах пасьля нападу, архіўнае фота

Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў аб завяршэньні расьсьледаваньня крымінальнай справы аб двайным забойстве ў стаўпецкай школе. Абвінавачаньне 16-гадоваму школьніку выстаўлена паводле трох артыкулаў:

  • забойства двух чалавек з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскіх матываў (ч. 2 арт. 139 КК РБ);
  • замах на забойства двух чалавек з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскіх матываў (ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 139 КК РБ);
  • асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт.139 КК РБ).

Папярэдне казалі пра абвінавачаньне толькі паводле першых двух пунктаў.

Здарэньне адбылося 11 лютага ў стаўпецкай школе №2, нападнік забіў нажом настаўніцу гісторыі і вучня 11 клясы. Абвінавачаны часткова прызнаў віну.

За двайное забойства ў Беларусі могуць прысудзіць пакараньні аж да пажыцьцёвага зьняволеньня і расстрэлу, але непаўналетнім такога не прысуджаюць. Максымальны тэрмін для тых, хто зрабіў такое злачынства ва ўзросьце 14–16 гадоў — да 12 гадоў турмы (да 13 гадоў у суме прысудаў).

Абвінавачаны застаецца пад вартай, справа перададзеная пракурору для накіраваньня ў суд. Ягоны бацька адмовіўся камэнтаваць Свабодзе справу.

У час расьсьледаваньня, піша СК, аднавілі храналёгію падзеяў з дапамогай відэакамэраў назіраньня, паказаньняў абвінавачанага, сьведак і пацярпелых. Выявілася, што:

  • незадоўга да забойстваў абвінавачаны ўдарыў малатком аднаклясьніка, але абышлося нязначнай ранай;
  • меў пры сабе ня толькі малаток і нож, але таксама «піратэхнічныя вырабы»;
  • напаў на настаўніцу і вучняў, «дэманструючы сваю ўяўную перавагу і выключнасьць адносна навакольных»;
  • у школьным кабінэце нанёс настаўніцы «ня менш за два» ўдары нажом, выбег з кабінэту, нанёс раненьні двум аднаклясьнікам, якія спрабавалі яго спыніць, зайшоў у іншы кабінэт і нанёс удары нажом вучню 11 клясы;
  • выйшаў у калідор, пагражаў нажом намесьніку дырэктара і настаўніку біялёгіі, спусьціўся ў вэстыбюль, пагражаў нажом аднаклясьніцы, падрапаў ім ейную шыю, уцёк;
  • паводле псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызы, «мог у поўнай ступені асэнсоўваць значэньне сваіх дзеяньняў і кіраваць імі.

Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае

  • Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
  • 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
  • Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG