«Я ганаруся сваім сынам!» Прамова маці асуджанага за карупцыю чыноўніка

Маці Андрэя Дамарацкага Валянціна перад абвяшчэньнем прысуду

Пагражалі падкінуць наркотыкі 16-гадоваму сыну, шантажавалі. Маці Андрэя Дамарацкага прыводзіць шокавыя падрабязнасьці ціску на яго падчас сьледзтва.

Былы намесьнік кіраўніка Менгарвыканкаму Андрэй Дамарацкі 5 ліпеня быў асуджаны на 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Адразу пасьля прысуду ягоная маці выступіла з прамовай у будынку суду.

Прысуд Андрэю Дамарацкаму агучылі 5 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску. У залі, акрамя журналістаў, сабраліся каля дзесяці чалавек — родныя і блізкія экс-чыноўніка. Яшчэ да пачатку паседжаньня яны зладзілі невялікую дэманстрацыю, узьнялі плякаты са словамі падтрымкі. Адразу пасьля прысуду перад журналістамі з прамовай выступіла маці асуджанага Валянціна Дамарацкая. Публікуем яе прамову цалкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыноўнік, за якога заступіліся блогеры. Хто такі Андрэй Дамарацкі, якога асудзілі на 12 гадоў турмы

«Мой сын Дамарацкі Андрэй невінаваты. Я ганаруся сваім сынам. Тым, як мужна ён пераносіць тое, што адбываецца зь ім. Яго арыштавалі за нібыта скрадзеныя тры мільёны рублёў. Ціск у СІЗА быў страшным. Патрабавалі прызнацца, пагражалі, шантажавалі.

Пагражалі падкласьці наркотыкі шаснаццацігадоваму хлопцу (маецца на ўвазе сын Андрэя Дамарацкага Дзьмітры. — РС). Мой сын у кожным лісьце прасіў: «Беражыце Дзіму».

Андрэй ня здаўся. Сын прасіў на допытах: «Адвязіце мяне на працу, і я вам за 15 хвілін знайду страчаныя грошы». Зразумела, яго не адвезьлі. Я нядаўна прачытала, што ў ЗША, калі кантрольныя органы прыходзяць да чыноўніка і заўважаюць нейкую памылку, яны абавязкова даюць яму тры месяцы, каб яе выправіць. У нас робяць так, што выправіць ужо немагчыма. Андрэй казаў, што знойдзе гэтыя тры мільёны. Яго, вядома, не адпусьцілі.

Андрэй Дамарацкі на лаве падсудных. 5 ліпеня 2019 году

Яшчэ зьвяртаю ўвагу на тое, што чалавека затрымалі, а праблема ня вырашылася. Ніхто ня думае пра тое, як вырашыць праблему. Думаюць толькі пра тое, як абвінаваціць чалавека. Я ганаруся сваім сынам яшчэ і таму, што ён шчыры, добрасумленны, прынцыповы чалавек. Назавіце мне чалавека, які, атрымаўшы прэмію, аднясе яе назад у бухгальтэрыю і аддасьць...

Так можна абвінаваціць любога чыноўніка ў тым, што ён атрымліваў хабар. Запомніце: мой сын ніколі ня браў хабар. Але як ён трапіў на лаву падсудных? Некаму вельмі хацелася прызначыць Андрэя Дамарацкага галоўным у пірамідзе Барысевіча (былы намесьнік Дамарацкага, таксама асуджаны за хабар і злоўжываньне ўладай. — РС). І гэтым зьмякчыць яму пакараньне. 10 месяцаў сьледчыя шукалі паміж імі сувязь. Не знайшлі. З чым ісьці ў суд? Чалавек ужо адседзеў значны тэрмін. Вось і прыдумалі на хаду справу аб так званым хабары.

Гэтым падрываецца вера людзей у кадравую палітыку кіраўніка краіны. У шчырасьці і добрасумленнасьць падабраных на пасады людзей. Мой сын быў аддадзены працы. Любіў яе, спраўляўся са сваімі абавязкамі на любой пасадзе. І ён ніколі не дазволіў бы сабе прынесьці шкоду сваёй дзяржаве. Тым больш абсурдная склалася сытуацыя. У асобе майго сына грамадзтва страціла каштоўнага, працавітага, маладога работніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзяць былога намесьніка старшыні Менгарвыканкаму, які «любіў свайго прэзыдэнта»

Крыўдна за дзяржаву. За лёс сына балюча і трывожна. А недзе побач знаходзіцца нехта, на чый загад і была сфабрыкаваная справа Андрэя Дамарацкага. Ён дагэтуль ня можа насалодзіцца помстай, адсюль і такі вялікі тэрмін у судзе.

Але хай ён памятае пра закон бумэранга. Матчыны сьлёзы не вада. Хай баіцца Божага суду. Я буду зьвяртацца да кіраўніка краіны. Я ўжо гэта рабіла, але мае лісты не даходзяць да адрасата. Вельмі складана дайсьці да Аляксандра Рыгоравіча. Але я буду грукацца ва ўсе дзьверы, буду пісаць адкрыты ліст. Каб дапамагчы бязьвінна асуджанаму, майму сыну Андрэю Дамарацкаму".

У Андрэя Дамарацкага ёсьць 10 дзён на абскарджаньне прысуду. Адвакат былога чыноўніка зьбіраецца падаць апэляцыю ў найбліжэйшыя дні.