Ад расейскага падатковага манэўру Беларусь страціць 10,6 млрд даляраў, — Fitch

Ілюстрацыйнае фота

Калі Расея не прадставіць Беларусі кампэнсацыю за падатковы манэўр, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць 10,6 млрд даляраў цягам 2019–2024 гадоў, піша рэйтынгавае агенцтва Fitch.

Такія лічбы атрыманыя для сцэнару, калі барэль нафты будзе каштаваць каля 70 даляраў, а беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы павялічаць перапрацоўку з 18 млн тонаў нафты ў 2019 годзе да 24 млн у 2020–2024 гадах (а ў 2024 годзе, калі нічога ня зьменіцца, Беларусь будзе купляць расейскую нафту фактычна па сусьветных цэнах).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белнафтахім»: страты ад падатковага манэўру склалі 130 мільёнаў даляраў за 5 месяцаў

Агенцтва адзначае, што беларускія ўлады ўжо ўлічылі адсутнасьць кампэнсацыі ў бюджэты і прагнозы на 2019–2020 фіскальны год. Але ці нармальна адаптуецца эканоміка да новых умоваў, залежыць ад таго, ці знойдуць улады новыя крыніцы зьнешняга фінансаваньня, а таксама ад тэмпаў зьменаў у галінах, якія залежаць ад цэнаў на энэрганосьбіты.

Расея тым часам зьвязвае фінансавыя дачыненьні зь Беларусьсю з «паглыбленьнем інтэграцыі» — «комплексна разглядаць» падатковы манэўр, крэдыты і рэалізацыю дамоваў пра «саюзную дзяржаву», адзначае БелаПАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Валютная інтэграцыя на шкоду сувэрэнітэту немагчымая». 10 тэзаў пасла Беларусі ў Расеі пра «саюзную дзяржаву»

Тым ня меней, агенцтва панінула Беларусі ранейшыя крэдытныя рэйтынгі — і кароткатэрміновы, і доўгатэрміновы на ўзроўні «B» са «стабільным» прагнозам (з узроўню «B–» іх паднялі ў студзені 2018-га). Такі прагноз тлумачаць зьніжэньнем дзяржаўнай запазычанасьці, скарачэньнем інфляцыі, ростам золатавалютных рэзэрваў і добрай гісторыяй сплаты запазычанасьцей.

Ды Fitch нагадвае пра слабы банкаўскі сэктар Беларусі, высокую зьнешнюю запазычанасьць дзяржавы і кепскае кіраваньне запазычанасьцю ў параўнаньні зь іншымі дзяржавамі, а таксама пра зьвязанасьць беларускай эканомікі на расейскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усясьветны банк: У Беларусі насьпела крайняя неабходнасьць структурных рэформаў у эканоміцы