Ягоная газэта варушыла Слонім. Успамін пра рэдактара Валадашчука

Віктар Валадашчук, галоўны рэдактар «Газеты Слонімскай», фота 2016 году

Трапіць на працу ў «Газету Слонімскую» Віктара Валадашчука ў пачатку 2000-х для мяне было як сёньня атрымаць запрашэньне ў New York Times.

Памёр рэдактар першай газэты, дзе я пачаў працаваць, каля яшчэ вучыўся ў 9 клясе. У 1997 годзе былы карэспандэнт дзяржаўнай раёнкі Віктар Валадашчук адкрыў «Газету Слонімскую». У канцы 1990-х і пачатку 2000-х яна не давала спакою нікому. Яе баяліся чыноўнікі ад Слоніма да Менску, бо гэта было самае ўплывовае выданьне ў рэгіёне. Газэту шчыра любілі людзі, бо яна была пра людзей. Выданьне задавала рытм гораду, варушыла Слонім.

Я памятаю часы, калі яе наклад даходзіў да 12 тысяч асобнікаў. І гэта ў 50-тысячным Слоніме. Улады доўга спрабавалі разабрацца з газэтай, бо Слонім быў сярод рэдкіх гарадоў, дзе раёнка мела мізэрны наклад у параўнаньні зь незалежнымі газэтамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Газета Слонімская» пад пагрозай спыненьня. Як выжыць незалежным газэтам у рэгіёнах?

Трапіць туды на працу было чыстай марай. Быць журналістам «Слонімскай», як кажуць у нас, было больш чым прэстыжна. Віталіка Гіля пазнавалі здалёк па фотаапараце. Ягоную бараду ведаў увесь горад. Самыя стылёвыя матэрыялы Волі Шынкевіч абмяркоўвалі ў школах і вучаніцы, і настаўніцы. Кожны артыкул Сяргея Чыгрына быў як гістарычнае расьсьледаваньне. Потым тыя артыкулы разьвіваліся ў кнігі. Парадак дня вызначаў астраўскі аднаклясьнік майго бацькі, а тады адказны сакратар Мікола Канановіч. Адзін Валера Каваоеенка, а потым Саша Захаранка замянялі слонімцам цэлы «Прэсбол». Яны былі першымі спартовым журналістам, каго я рэгулярна чытаў. Хоць і бачыў усе матчы нашай «Камуны», на якія таксама хадзіў.

Віктар Валадашчык, 2015 год

Усё гэта стваралася на цесным другім паверсе быткамбінату на Камсамольскай, дзе доўгі час месьцілася рэдакцыя. І калі пасьля «Школы маладога журналіста» ў 9-й клясе мне сказалі: «Прыходзь да нас працаваць», я ня мог паверыць у прапанову. Працаваць у «Слонімскай» на той час для мяне — гэта як зараз атрымаць запрашэньне ў New York Times. Ня менш.

Толькі дзякуючы працы ў газэце я змог паступіць на журфак. Вусны іспыт завальваў, але Барыс Васільевіч Стральцоў, паглядзеўшы на тэчку з сотняй публікацый, сказаў: «Раз чалавек працуе, яму месца на журфаку». І паставіў 5 з 5. Роўна столькі мне трэба было набраць, каб паступіць на бюджэт у той год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Газета Слонімская»: 10 год без падпіскі і продажу ў кіёсках

Ужо на журфаку я зразумеў, якую крутую школу журналістыкі дала «Слонімская». Пакуль мае аднакурсьнікі пісалі сачыненьні ў «Переходный возраст» і чакалі месяцамі апублікаваньня, мае навіны і рэпартажы штотыдзень праходзілі праз тэкстадрабільных Сяргея Чыгрына і Віктара Валадашчука. І пасьля двух гадоў у газэце ўжо не было чаму вучыцца на журфаку.

Дзякуй за ўсё, спадар Віктар.