Суд у Армэніі паўторна арыштаваў былога прэзыдэнта Качар’яна

Робэрт Качар'ян у залі суду.

Згодна з рашэньнем суду былога прэзыдэнта Армэніі Робэрта Качар’яна павінны вярнуць у сьледчы ізалятар.

Качар’ян знаходзіўся ў СІЗА ад сьнежня 2018 году па травень 2019-га паводле падазрэньня ў хабарніцтве ў асабліва буйным памеры ($ 3 млн) і зьвяржэньні канстытуцыйнага ладу ў красавіку 2008 году. У траўні яго выпусьцілі пад заклад і асабістую паруку.

«Качар’ян атрымаў $ 3 млн хабару ад прадпрымальніка Сільвы Амбарцум’ян, для таго каб даць ліцэнзію яе кампаніі на горную здабычу», — сказана ў абвінаваўчым заключэньні.

Роберт Качар’ян — другі прэзыдэнт Рэспублікі Армэнія, які ўзначальваў краіну з 30 сакавіка 1998 году да 9 красавіка 2008 году. Ён ужо знаходзіцца пад арыштам паводле абвінавачваньня ў зьвяржэньні канстытуцыйнага ладу ў 2008 годзе, але абвінавачваньне ў атрыманьні хабару хоць і было вядома, але раней не было канкрэтызавана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога прэзыдэнта Армэніі вызвалілі пад паруку і заклад

У сакавіку 2008 году пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, якія выйграў Серж Саргсьян, у Армэніі пачаліся масавыя пратэсты. Падчас сутыкненьняў мітынгоўцаў з органамі правапарадку загінулі восем дэманстрантаў і двое паліцэйскіх, былі параненыя больш за 200 чалавек.

Як гаворыцца ў абвінаваўчых дакумэнтах, займаючы пасаду прэзыдэнта Армэніі да 9 красавіка 2008 году, зьяўляючыся паводле Канстытуцыі кіраўніком дзяржавы, Качар’ян «зрынуў канстытуцыйны лад са злачынным удзелам іншых асоб»: былога начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Армэніі Сейрана Аганьяна, былога намесьніка міністра абароны Армэніі і экс-генсека АДКБ Юрыя Хачатурава і былога кіраўніка апарату прэзыдэнта Армэніі Армена Геварк’яна.

Сын экс-прэзыдэнта Качар’яна таксама арыштаваны, яго абвінавачваюць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і адмываньні грошай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ерэване пачаўся суд на былым прэзыдэнтам Робэртам Качар’янам

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога прэзыдэнта Армэніі вызвалілі пад паруку і заклад

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сына экс-прэзыдэнта Армэніі абвінавацілі ў адмываньні грошай і ўхіленьні ад падаткаў