Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ерэване пачаўся суд на былым прэзыдэнтам Робэртам Качар’янам


Робэрт Качаран у судзе. 13 траўня, 2019

У Ерэване 13 траўня пачаўся судовы працэс над 64-гадовым былым прэзыдэнтам Армэніі Робэртам Качар’янам. Яго вінавацяць у «зрынаньні​ канстытуцыйнага ладу».

Паводле гэтага артыкулу яму можа пагражаць да 15 гадоў турмы. Сам Качар’ян у камэнтары агенцтву AFP назваў сябе ахвяраю новых уладаў, якім «прыслугоўвае сыстэма правасудзьдзя».

Качар’яну ставяць у віну датычнасьць да падзеяў 1–2 сакавіка 2008 году. Тады ў Ерэване ў выніку разгону пратэстоўцаў загінулі дзесяць чалавек. Пратэсты пачаліся пасьля абвяшчэньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, якія апазыцыя на чале зь першым прэзыдэнтам краіны і кандыдатам у прэзыдэнты Лявонам Тэр-Пэтрасьянам палічыла сфальсыфікаванымі, паведамляе RFI.

Пераможцам выбараў быў абвешчаны Сэрж Саргсьян, стаўленік Качар’яна, які ня меў права вылучацца пасьля двух прэзыдэнцкіх тэрмінаў.

Справа супраць Качар’яна і яшчэ некалькіх былых высокапастаўленых кіраўнікоў краіны было адкрытая пасьля «аксамітнай рэвалюцыі» у красавіку-траўні, у выніку якой урад Армэніі ўзначаліў Нікол Пашыньян.

Робэрт Качар’ян быў затрыманы ў ліпені 2018, затым на кароткі тэрмін выйшаў на волю, а ў сьнежні быў зьмешчаны пад арышт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG