Прэзыдэнт Дональд Трамп заявіў у суботу, што нелегальныя імігранты, якія будуць затрыманыя падчас рэйдаў, павінны будуць вярнуцца на радзіму.
Выконваючы абавязкі дырэктара Іміграцыйна-мытнай службы ЗША (ICE) Марк Морган некалькі дзён таму расказаў журналістам, што яго ведамства, пачынаючы ад нядзелі, будзе затрымліваць і высылаць з краіны людзей, якія мусяць быць дэпартаваныя з ЗША ў адпаведнасьці з раней прынятымі судовымі рашэньнямі.
Апэрацыя, пра якую ўпершыню расказала газэта Washington Post, пачнецца ў нядзелю. Рэйды будуць праводзіцца мэтанакіравана — агулам каля 2 тысяч сем’яў, якія жывуць у буйных амэрыканскіх гарадах і якія атрымалі раней судовыя распараджэньні аб дэпартацыі, будуць выдвараныя з ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп заявіў пра пляны ўзмацніць жорсткасьць палітыкі да тых, хто просіць прыстанішчаДональд Трамп у суботу напісаў у сваім Твітэры, што агенты ICE будуць затрымліваць тых, хто «ўцёк ад закону і ад судоў». Ён дадаў, што «гэтыя людзі мусяць выправіцца да сябе на радзіму. Яны парушылі закон, прыбыўшы ў (нашу краіну) і працягваючы ў ёй заставацца».