У Горках вырашылі ўшанаваць расейскага цара Пятра І

Гармата, якую паставяць у гонар расейскага цара Пятра І (з архіву Аляксандра Храмка)

Памятны знак Пятру Першаму запраектаваны ў выглядзе гарматы на пастамэнце і шыльды. Ідэя падабаецца ня ўсім.

У райцэнтры Горкі Магілёўскай вобласьці ўлады вырашылі ўшанаваць расейскага цара Пятра І (1672–1725).

Як піша «Горацкі веснік», памятны знак у гонар Пятра І адкрыюць 26 чэрвеня падчас урачыстасьцяў да 75-й гадавіны вызваленьня Горацкага раёну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Знак паставяць за трыста мэтраў ад райвыканкаму на цэнтральнай вуліцы гораду, якая носіць імя героя Другой Усясьветнай вайны Івана Якубоўскага.

Арт-аб’ект для турыстаў

У райвыканкаме адмаўляюцца гаварыць пра памятны знак. Вядома толькі, што на ім будзе адзначана знаходжаньне Пятра І у Горках падчас Паўночнай вайны ў 1708 годзе. На пастамэнт (ён ужо гатовы) паставяць муляж гарматы 18 стагодзьдзя. Раней яна стаяла каля старога будынка Гісторыка-этнаграфічнага музэю, а пасьля Дажынак 2012 году захоўвалася ў запасьніках. Што напішуць на памятным знаку, высьветліць не ўдалося.

Пляцоўка для гарматы ўжо падрыхтаваная

Знак разглядаецца горацкай уладай як арт-аб’ект, які мае прыцягнуць увагу турыстаў.

Ідэя падабаецца ня ўсім

Упершыню ідэя ўвекавечыць у Горках памяць пра Пятра І агучвалася ў 2015 годзе. Мясцовая раёнка тады апублікавала ліст з такой прапановай, падпісаны былым выкладчыкам сельскагаспадарчай акадэміі Аляксандрам Сенцюровым. Супраць выступіла дырэктарка гісторыка-этнаграфічнага музэю Сьвятлана Макеева. Яна заявіла, што для ўсталяваньня памятнай дошкі Пятру І няма падставаў.

Горацкі райвыканкам. Падчас Дажынак адсюль прыбралі помнік Леніну. Цяпер непадалёк зьявіцца памятны знак расейскаму цару

«Паўночная вайна прынесла жыхарам беларускіх зямель велізарныя страты, абвастрыла эканамічную і палітычную сытуацыю ў краіне. Гістарычныя дакумэнты сьведчаць пра марадэрства, рабаўніцтва і гвалт ня толькі швэдзкіх, а і расейскіх войскаў», — адзначала яна.

Увекавечваньне расейскага самадзержца шмат хто ўспрымае як неадэкватнае ўшанаваньне ўсяго таго, што ён учыніў у Беларусі.

На просьбу пракамэнтаваць Свабодзе цяперашнюю спробу ўвекавечваньня Пятра І дырэктарка музэю адказала адмовай.

На пачатку 18 стагодзьдзя, калі Пётар Першы цараваў у Расеі, Горкі, як і ўся цяперашняя Беларусь, уваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. У Паўночную вайну расейскае войска хоць і лічылася саюзным, але было замежным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пётар І ніколі ня быў нашым манархам

Што рабілі Пётар І і яго войска ў Беларусі

Войскі расейскага цара Пятра І знаходзіліся на беларускіх землях падчас Паўночнай вайны (1700–1721). Рэч Паспалітая тады была саюзьніцай маскоўскага цара ў вайсковай кампаніі супраць швэдзкага караля Карла XII. Паводле гістарычных зьвестак, расейцы раскватаравалі ў Беларусі 70 тысяч сваіх жаўнераў, утрыманьне якіх стала абавязкам мясцовага насельніцтва.

Улетку 1705 году Пётар І разам са сваім хаўрусьнікам Аляксандрам Меншыкавым і некалькімі афіцэрамі ў Полацкім Сафійскім саборы забілі пяцярых уніяцкіх сьвятароў. Храм абрабавалі, а ў яго сутарэньнях зрабілі парахавое сховішча. Празь пяць гадоў яго ўзарвалі, зьнішчыўшы беларускую Сафію амаль дашчэнту.

У верасьні 1708 году расейскія войскі спалілі Віцебск, Воршу, Амсьціслаў, Дуброўну, што непадалёк ад Горак. Да таго ж абрабавалі пасьля швэдаў і спалілі Магілёў.

За гады Паўночнай вайны Беларусь страціла ад баявых дзеяньняў, голаду і эпідэміяў 700 тысяч жыхароў — кожнага трэцяга. Вайна прывяла да глыбокага палітычнага крызісу і падзелу ў 1772 годзе тагачаснай дзяржавы беларусаў — Рэчы Паспалітай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цароў, якія не пашырылі дзяржаву, у Расеі вялікімі ня лічаць