Трамп ідзе ў прэзыдэнты ЗША на новы тэрмін — пачалася ягоная выбарчая кампанія

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп афіцыйна пачаў сваю перадвыбарчую кампанію да прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Аб гэтым ён заявіў 18 чэрвеня на мітынгу ў горадзе Арланда, штат Флорыда.

Трамп сказаў, што супернікі-дэмакраты «хочуць зьнішчыць нашу краіну, якой мы яе ведаем» і што «гэтага не адбудзецца».

«Уявіце сабе, калі б у нас быў прэзыдэнт-дэмакрат і Кангрэс дэмакратаў у 2020 годзе. Яны б зьнішчылі вашу свабоду слова, выкарыстоўвалі б сілу закону, каб пакараць сваіх праціўнікаў», — сказаў Трамп, некалькі разоў згадваючы «фэйкавыя СМІ».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракурор ЗША пра «расейскую справу»: У дзеяньнях прэзыдэнта ЗША не было складу злачынства

Флорыда часта зьяўляецца вырашальным штатам на выбарах прэзыдэнта ЗША.

Трамп па-ранейшаму лічыцца фаварытам на кандыдата ад Рэспубліканскай партыі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах, ягоны апанэнт-дэмакрат пакуль ня вызначаны. Больш за 20 кандыдатаў ад Дэмакратычнай партыі абвясьцілі пра намер прэтэндаваць на вылучэньне, а лідэрам у апытаньнях грамадзкай думкі зьяўляецца былы віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн.

На прэзыдэнцкіх выбарах у 2016 годзе рэспубліканец Дональд Трамп перамог прадстаўніцу Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан. Наступныя выбары пройдуць у лістападзе 2020 году.