Прэзыдэнт Малдовы заявіў, што ня будзе плаціць Расеі за газ для Прыднястроўя

Плякат у Прыднястроўі

Пра гэта Ігар Додон сказаў у інтэрвію тэлеканалу NTV-Moldova.

«Доўг прыднястроўскага рэгіёну за газ — гэта вельмі сур’ёзная праблема. Мы за гэты газ ніколі не заплацім. Спажыўцы з правага берагу Днястра спраўна плацяць за газ, а гэта запазычанасьць левага берагу... Праблема газу — гэта бомба, якая можа небясьпечна для нас выбухнуть», — сказаў малдоўскі лідэр.

Паводле Дадона, ён абмяркоўваў пытаньне зь віцэ-прэм’ерам Расеі Дзьмітрыем Козакам, які пабываў з візытам у Малдове. Дадон сказаў, што ёсьць рызыка застацца без расейскага газу з новага году. Дамова з «Газпромам» завяршаецца 1 студзеня 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малдова можа прад’явіць Расеі грашовы рахунак за яе войскі ў Прыднястроўі — сьпікер парлямэнту Малдовы

Прыднястроўе, дзе пражывае пераважна расейскамоўнае насельніцтва, абвясьціла незалежнасьць ад Малдовы ў 1990 годзе. У 1992 годзе адбыўся ўзброены канфлікт, у якім удзельнічалі разьмешчаны ў Прыднястроўі расейскія войскі. Яны дагэтуль застаюцца на тэрыторыі Прыднястроўя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятара, які прасьпяваў «Мурку» ў маскоўскім храме, паслалі ў Прыднястроўе. ВІДЭА

Міжнародная супольнасьць лічыць так званую Прыднястроўскую Малдаўскую Рэспубліку часткай Малдовы. Расея тлумачыць прысутнасьць сваіх войскаў у Прыднястроўі «міратворчай апэрацыяй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэст: Незалежная Беларусь ці самаабвешчанае Прыднястроўе?