Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малдова можа прад’явіць Расеі грашовы рахунак за яе войскі ў Прыднястроўі — сьпікер парлямэнту Малдовы


Андрыян Канду
Андрыян Канду

Улады Малдовы маюць намер наняць міжнародную юрыдычную фірму для ацэнкі ўрону ад вайсковай прысутнасьці Расеі ў Прыднястроўі на працягу 25 гадоў.

Пра гэта паведаміў сьпікер малдаўскага парлямэнту Андрыян Канду ў інтэрвію латвійскаму выданьню Latvijas Avize.

Паводле яго слоў, рахунак, які могуць прадʼявіць Маскве, будзе вымярацца мільярдамі даляраў.

Канду нагадаў, што ў Прыднястроўі незаконна знаходзяцца каля 2 тысяч расейскіх вайскоўцаў, якіх у Кішынёве лічаць «акупацыйнымі сіламі».

Прыднястроўе, Тыраспаль
Прыднястроўе, Тыраспаль

«Расейскія вайсковыя падразьдзяленьні ўяўляюць сабой пагрозу бясьпецы, бо гэта незаконнае вайсковая прысутнасьць, такая ж, як знаходжаньне расейскіх вайскоўцаў у Абхазіі, Паўднёвай Асеціі і ўсходняй Украіне», — сказаў сьпікер малдаўскага парлямэнту.

Расея, паводле яго слоў, парушае міжнароднае права. Малдаўская ўлада спрабуе ўздымаць гэтае пытаньне на міжнародным узроўні і спадзяецца, што яго абмяркуюць на пляцоўцы ААН.

Таксама Канду паскардзіўся на расейскае інфармацыйнае ўмяшальніцтва ў падзеі ў Малдове. У краіне, паводле яго слоў, актывізавалася дзейнасьць прарасейскіх няўрадавых арганізацый і «разьведвальная дзейнасьць».

«Тэндэнцыі паказваюць на тое, што ў будучыні ўмяшаньне ў палітычныя працэсы дзяржавы стане яшчэ больш інтэнсіўным. Каб стрымаць уплыў Расеі, мы хочам заканадаўча абавязаць няўрадавыя арганізацыі, якія атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы, быць больш празрыстымі. Акрамя таго, на маючых адбыцца парлямэнцкіх выбарах людзі змогуць абіраць дэпутатаў па аднамандатных акругах, што таксама паменшыць уплыў прарасейскіх сіл», — адзначыў Канду.

У пачатку траўня 2017 Канстытуцыйны суд Малдовы прызнаў, што знаходжаньне расейскіх узброеных сіл на тэрыторыі Прыднястроўя супярэчыць нэўтралітэту дзяржавы. У ліпені парлямэнт Малдовы прыняў заяву з патрабаваньнем вывесьці расейскія войскі з тэрыторыі краіны.

У жніўні прадстаўнік Малдовы пры ААН Віктар Марару заявіў, што краіна будзе прасіць разгледзець у ААН пытаньне аб вывадзе расейскіх вайскоўцаў з Прыднястроўя.

7 сьнежня на пасяджэньні Рады міністраў АБСЭ міністар замежных спраў і эўрапейскай інтэграцыі Малдовы Андрэй Галбур заклікаў расейскія войскі пакінуць тэрыторыю краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG