На сайце Pravo.by 4 чэрвеня апублікаваны ўказ (PDF) Аляксандра Лукашэнкі ад 31 траўня аб прызначэньні і звальненьні шэрагу судзьдзяў. Як выявілася, з 14 судзьдзяў дваіх звольнілі за правіны, «несумяшчальныя са знаходжаньнем на дзяржаўнай службе».
Якія менавіта былі правіны, не паведамляецца. Пра тое, ці распачатыя супраць былых судзьдзяў нейкія справы і ці затрымлівалі іх, невядома.
За правіны звольнілі Аляксандра Шыліна са Сьвіслацкага раёну, які неаднаразова выпісваў штрафы ўдзельнікам ушанаваньня памяці паўстанцаў 1863 году.
Таксама за правіны звольненая Тацяна Чаркас — судзьдзя з Партызанскага (раней – Фрунзэнскага) раёну Менску, якая ў 2011 годзе трапіла ў сьпіс неўязных у Эўразьвяз за прысуды апазыцыйным актывістам пасьля акцыяў пратэсту (Плошчы) канца 2010 году.
У Беларусі летась пакаралі 46 судзьдзяў, шасьцярых звольнілі і аднаго (Алега Міранюка зь Берасьця) пасадзілі. Сёлета Аляксандар Лукашэнка казаў, што «мы апошнім часам фіксуем занадта шмат парушэньняў закону самімі судзьдзямі». Судзьдзяў, звольненых за правіны, не заўсёды судзяць і караюць дадаткова. Шэраг судзьдзяў, якія былі пад санкцыямі Эўразьвязу, застаюцца на працы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каго і на колькі? За што ў Беларусі судзяць судзьдзяў