Затрымалі аўтара Тэлеграм-каналу, якога зьвязваюць з графіці супраць ФСБ у Крыме

Графіці на мурале ў Сімфэропалі

У падмаскоўным Падольску 29 траўня быў затрыманы 25-гадовы Віктар Сасна, аўтар і вядоўца Тэлеграм-каналу «Суверенный Крым», паведаміў Радыё Свабода адвакат затрыманага Мансур Гільманаў.

Канал быў створаны сёлета 28 красавіка. Пасьля гэтага, 21 траўня, у Сімфэропалі ў анэксаваным Крыме на фасадзе дома з выявай прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна зьявілася графіці з «пасланьнем» да Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі. Невядомыя нанесьлі на мурал трафарэтных надпіс: «ФСБ, давай пагуляем? Е2 — Е4. Цяпер твой ход, с**а».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ЖЭС-арт». Беларус зьняў фільм пра стэрыльныя вуліцы і замаляваныя графіці

На афіцыйным узроўні расейскія і крымскія ўлады ніяк не адрэагавалі на зьяўленьне надпісу. Але ўжо днём яна была зафарбаваная работнікамі камунальных службаў. Паводле адваката, Сасна быў затрыманы менавіта пасьля ператрусу, які праводзіўся супрацоўнікамі ФСБ на падставе пастановы суду гораду Сімфэропаль.

Пасьля зьяўлення надпісу журналісты Радыё Свабода пагутарылі з аўтарамі Телеграм-каналу «Суверенный Крым», якія прадставіліся як актывісты аднайменнай Тэлеграм-партыі. Сваіх імёнаў яны не раскрывалі, але пацьвердзілі аўтарства пасланьня да расейскай спэцслужбы. Паводле іх словаў, яны расчараваліся ў дзеяньнях расейскай улады пасьля анэксіі паўвострава і хочуць бачыць Крым рэспублікай, незалежнай як ад Украіны, так і ад Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачалі рэстаўраваць віцебскае графіці з партрэтам Марка Шагала

«Блякаваньне інтэрнэту, санкцыі, фэдэральная карупцыя і іншае — мы на гэта не падпісваліся», — заявілі яны. І паабяцалі, што «кідкія акцыі такога роду працягнуцца».

Паводле адваката, Віктар Сасна заявіў пасьля затрыманьня, што ня лічыць сябе ў нечым вінаватым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская Дума абвясьціла тэндэр, каб ацаніць «шкоду» Крыму ад Ўкраіны