Бяз прапаршчыкаў. Ва ўкраінскім войску адмаўляюцца ад савецкіх званьняў

Украінская вайсковая форма

Вярхоўная Рада Ўкраіны ў першым чытаньні ухваліла праект закону, які прадугледжвае пераход у ярархіі малодшых вайсковых званьняў на стандарты NATO.

У прыватнасьці, замест званьняў «прапаршчык» і «старэйшы прапаршчык» уводзяцца адпаведна «рэкрут» і «штаб-сяржант».

Ініцыятары законапраекту мяркуюць, што канчатковае ўхваленьне закону дазволіць «удасканаліць парадак выкананьня вайсковага абавязку грамадзянамі Ўкраіны, рэалізаваць увядзеньне новых вайсковых званьняў сяржанцкага і старшынскага складу Ўзброеных сіл Украіны», забясьпечыць іх адпаведнасьць стандартам NATO і спрыяць пераходу ўкраінскага войска на прафэсійную аснову паводле заходнеэўрапейскага ўзору.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як па-беларуску «смирно» і якая мова мусіць быць у беларускім войску?

У 2017 годзе ўкраінскае войска перайшло на новую форму, якая была спраектаваная з улікам вайсковых традыцый розных часоў гісторыі Ўкраіны і найперш — часоў УНР, а пачынаючы з 2014-га, украінскія вайсковыя падразьдзяленьні атрымалі новыя, дэкамунізаваныя, баявыя сьцягі і назвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская вайсковая тэрміналёгія: “Крокам руш!”