«Так, я сталініст!» Інтэрвію з арганізатарам беларускага «Несьмяротнага палку»

Валер Драко расказаў Свабодзе, што зробіць з чалавекам, які прыйдзе на ягоную акцыю зь бел-чырвона-белым сьцягам, дзе ў Менску можа быць вуліца Сталіна і чаму ўлады не дазваляюць яму зарэгістраваць грамадзкае аб’яднаньне.

Хто такі Валер Драко

  • Нарадзіўся ў Капыльскім раёне ў 1946 годзе. Бацька беларус, маці ўкраінка з Запарожжа.
  • Скончыў Пэдагагічны інстытут імя Максіма Горкага (цяпер БДПУ імя Максіма Танка. — РС), пасьля чаго адпрацаваў 18 гадоў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сельскай школе. Кажа, што спэцыяльнасьць абраў сьвядома.
  • Паралельна з працай у школе прасоўваўся па камсамольскай лініі. Пасьля школы працаваў у Міністэрстве асьветы БССР інспэктарам, адкуль трапіў у апарат Савету Міністраў, дзе таксама займаўся адукацыяй.
  • Пасьля развалу СССР трапіў у Партыю камуністаў Беларусі Сяргея Калякіна, у 1995 годзе абраўся ад яе ў Палату прадстаўнікоў. Распавядае, што адмовіўся складаць мандат на загад кіраўніцтва партыі, за што яго выключылі з ПКБ. Уступіў у Камуністычную партыю Беларусі, але зь яе таксама быў выключаны ў выніку «ўнутранага канфлікту з кіраўніцтвам».
  • Да канца нулявых працаваў у прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.
  • Апошнія пяць гадоў займаецца арганізацыяй акцый «Несьмяротнага палку» ў Менску і іншых гарадах Беларусі.

"Несьмяротны полк" у Менску, 9 траўня 2019 году

«Прапаноўвалі Лукашэнку ўзначаліць „Несьмяротны полк“»

20 траўня Вярхоўны суд Беларусі пакінуў бязь зьмены рашэньне Менскага гарадзкога суду аб адмове ў рэгістрацыі грамадзкай арганізацыі «Несьмяротны полк». Заяўнікі пад кіраўніцтвам Валера Драко двойчы беспасьпяхова падавалі ў Менгарвыканкам дакумэнты на рэгістрацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яўна палітычнае рашэньне». Вярхоўны суд адмовіў «Несьмяротнаму палку» ў рэгістрацыі

Ён кажа, што асаблівых ілюзій наконт рашэньня Вярхоўнага суду ня меў.

«Я ня першы год у палітыцы, — кажа Валер Драко. — Пасьля першай адмовы ў рэгістрацыі мы былі перакананыя, што ні гарадзкі суд, ні Вярхоўны суд не падтрымае нас. Мы прайшлі ўсе інстанцыі і даказалі ім, што маем рацыю. Хоць не разьлічвалі, што нас пачуюць. Я нават у сваім выступе сказаў, што вось новы будынак суду, магчыма, будуць і новыя падыходы. Але аказалася, што будынак новы, а падыходы старыя».

Арганізатар «Несьмяротнага палку» называе рашэньне ўладаў палітычным. Пры другой спробе падачы дакумэнтаў у якасьці заяўнікаў было абрана 15 «самых правераных» асобаў. Але ўсё адно ня выйшла.

«З намі адбываецца тое самае, што і з апазыцыяй, — перакананы Драко. — У мінулым годзе падчас выступу на плошчы Аляксандар Рыгоравіч сказаў, што вось, маўляў, некаторыя тут яшчэ ідуць. І адзначыў, што ў наступным годзе будзе шэсьце. Мы абрадаваліся. Але сёлета ўсе бачылі, што ў выніку атрымалася. Што нарабіла вэртыкаль у Менску. І тое самае ў Берасьці, Віцебску. У нас сёньня ўсе пытаньні палітычныя. Апазыцыйную партыю ніводную за апошні час не зарэгістравалі. Мы спрабуем зарэгістраваць Беларускую камуністычную партыю працоўных. Восем разоў дакумэнты падавалі — і ніяк».

Драко кажа, што запрашаў Лукашэнку ўзначаліць «Несьмяротны полк», дасылаў ліст у Адміністрацыю. Пуцін у Расеі зрабіў гэта яшчэ ў 2015 годзе і з таго часу штогод сам выходзіць з партрэтам бацькі. За ўсе пяць гадоў спробаў арганізатары шэсьця не атрымалі ад кіраўніка Беларусі ніводнага адказу на шматлікія запыты і просьбы. Усе лісты з Адміністрацыі накіроўваліся ў ніжэйстаячыя ўстановы. Хаця, кажа Драко, усе ў вэртыкалі ўлады ведаюць, хто насамрэч прымае важныя рашэньні.

«Усе паказваюць палец уверх, і сілавікі, і не сілавікі, — кажа Драко. — Маўляў, там сваё пытаньне вырашайце. А мы спрабавалі, мы два гады спрабавалі там сваё пытаньне вырашыць. Нам дзякуй трэба сказаць, а ў нас непаразуменьні з гарадзкімі ўладамі. Яны што, яны глядзяць уверх. Хоць за сёлетнюю акцыю я гораду „дзякуй“ скажу. У Менску нам дазволілі партрэты Сталіна вынесьці. Нават у Маскве сёлета не было Сталіна, а нам дазволілі ісьці і з банэрамі, і з партрэтамі. Мы папярэджвалі, што хочам са Сталіным выйсьці. У Расеі цяпер буржуазная дзяржава. У нас таксама буржуазная, капіталістычная становіцца».

Хацелі адкрыць у Менску кіёск з партрэтамі Сталіна

Валер Драко крытыкуе ня толькі беларускія ўлады. Яму не зусім падабаецца і тое, як «Несьмяротны полк» праходзіць у Расеі. Маўляў, там улады ўбачылі, што «Несьмяротны полк» ператварыўся ў сапраўды народную акцыю. І вырашылі яго «прыбраць да рук». Адначасова адбываецца камэрцыялізацыя мерапрыемства. Калі шмат хто хоча на ім зарабіць грошы сабе ў кішэню.

Арганізатар менскага «Несьмяротнага палку» кажа, што і ў яго таксама была спроба адкрыць пункт для продажу сымболікі — «георгіеўскіх» стужак, партрэтаў Сталіна і іншых падобных рэчаў. Нават месца было выбранае — у дворыку музэю І зьезду РСДРП. Але ў менскіх уладаў ідэя разуменьня не знайшла.

«Налета мы спадзяёмся правесьці акцыю лепш, — расказвае Драко. — Сёлета на саміце краін СНД стаяла асобнае пытаньне сьвяткаваньня 75-годзьдзя перамогі над фашысцкімі захопнікамі. І ўсе кіраўнікі падпісалі дакумэнт, дзе адным з пунктаў было правядзеньне акцыі „Несьмяротны полк“. Гучыць канкрэтна, і Лукашэнка свой подпіс там паставіў. Так што паглядзім, што будзе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З партрэтамі Леніна і Сталіна. У Менску прайшоў мітынг «Несьмяротны полк». ФОТА і ВІДЭА

Пакуль жа Драко і ягоныя сябры сутыкаюцца у асноўным з праблемамі. Нават кадэтаў з Сувораўскай вучэльні далучыць да сваёй акцыі не ўдалося. Яны былі нібыта ня супраць, але кіраўніцтва навучальнай установы катэгарычна забараніла.

«Мы не здадзімся, — абяцае Валер Драко. — На наступным тыдні атрымаем афіцыйны тэкст адмовы ў рэгістрацыі і пачнём „бамбіць“. Трэці раз пададзім дакумэнты на рэгістрацыю грамадзкага аб’яднаньня. Створым Рэспубліканскую арганізацыю, у нас людзей хопіць, па дзесяць чалавек у кожнай вобласьці. А праз два тыдні я паеду ў Маскву, сустрэнуся з арганізатарамі іх „Несьмяротнага палку“, вывучу статут — і будзем спрабаваць рэгістраваць міжнародную арганізацыю. У нас лета будзе гарачае».

«Зь бел-чырвона-белым сьцягам на наша шэсьце ня пусьцім»

Колькі людзей гатовыя падтрымаць арганізатараў беларускага «Несьмяротнага палку»? «Нас тысячы!» — кажа Валер Драко. Больш у Менску, менш у рэгіёнах. Арганізатар акцыі запэўнівае, што замест 15 заяўнікаў для рэгістрацыі арганізацыі ён мог бы падаць у Менгарвыканкам тысячы прозьвішчаў.

«Мы сёлета зьбіраліся дзесяць тысяч вывесьці ў Менску, — кажа Драко. — У нас хапае людзей. Але ж беларус маўчыць, пакуль у яго запасы ёсьць. Не выглядвае. База ёсьць, але гэтая база сядзіць. Мы стараемся інфармаваць, сацсеткі задзейнічалі (у суполцы „Минск. Бессмертный полк“, дзе абмяркоўваюць правядзеньне акцыі ў сталіцы Беларусі, менш за 500 чалавек. — РС). Мы ж бачым, што лістоўкамі людзей не прыцягнем, трэба сучасныя мэтады».

З апазыцыяй у Валера Драко адносіны неадназначныя. Ён прызнаецца, што нават па-беларуску перастаў размаўляць праз апазыцыю. Але на сваёй акцыі будзе рады бачыць любога апазыцыянэра, нават лідэра БНФ. Галоўнае, безь бел-чырвона-белага сьцяга.

«Калі б да нас на шэсьце прыйшоў кіраўнік БНФ, мы б яго не выганялі, вы што, — запэўнівае Валер Драко. — У нас галоўнае, каб ніхто не прыйшоў з партрэтам паліцая. Калі тысячы людзей, то загадзя ж ня ўбачыш, хто там. У Ленінградзе (Санкт-Пецярбургу. — РС) ужо прыйшлі да таго, што папярэдне, за месяц-два ўзгадняюць усе партрэты. Прыходзіш у штаб і зацьвярджаеш.

А апазыцыянэры... Мы зацікаўленыя, каб апазыцыянэры да нас прыходзілі. Зь бел-чырвона-белымі сьцягамі праблема. Нам улады не дазваляюць усё, што захочам, прыносіць. Нават партыйныя свае сьцягі. Але мы і так не дазволілі б. У нас жорстка з гэтым, са сьцягамі. Сёлета нехта прыйшоў зь вялікім сьцягам у колерах георгіеўскай стужкі, мы сказалі згарнуць яго. Не было такога сьцяга. І зь бел-чырвона-белай сымболікай нельга. Мы ў далейшым пакінем у калёне толькі банэр, расьцяжку, сьцяг Перамогі і людзей з партрэтамі. Больш нічога ня будзе».

"Несьмяротны полк" у Менску, 9 траўня 2019

Драко прызнаецца, што адно з асноўных адрозьненьняў беларускай акцыі «Несьмяротны полк» ад расейскіх — у стаўленьні да Сталіна. Сёлета яго партрэты на шэсьцях у Расеі былі пад неафіцыйнай забаронай. Але ня ў Менску. Па словах арганізатара акцыі, без партрэта Сталіна яна немагчымая.

«У мяне стаўленьне да Сталіна адназначнае. Правільнае яно ці няправільнае, але для мяне яно правільнае. Вайна ішла, немец падышоў ужо да Масквы. Трэба было кідаць усе рэзэрвы. Сталін быў галоўнакамандуючым. Мой бацька з трыма раненьнямі прайшоў вайну. Ён заўсёды казаў, што ваяваць ішлі за свой народ, да Радзіму, за Сталіна. Мы паступова аднаўляем ролю Сталіна ў гісторыі. Яе пачаў зьнішчаць Хрушчоў, яе разбамбілі ў 90-я, мы цяпер паступова аднаўляем».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцебскі гарвыканкам забараніў шэсьце «Несьмяротнага палка»

10 тысяч даляраў на помнік Сталіну ў Менску

Партрэты не адзінае, што Драко з паплечнікамі робіць для ўшанаваньня памяці пра свайго куміра. Нядаўна яны напісалі ліст у Адміністрацыю кіраўніка краіны з прапановамі назваць адну з вуліц Менску імем Сталіна, паставіць там яго бюст, а надпіс «Валгаград» ля манумэнта на плошчы Перамогі замяніць словам «Сталінград». Прапанову перанакіравалі ў Акадэмію навук. Там сабралі меркаваньні Мінкульту, Мінінфармацыі і іншых адказных установаў. У выніку, кажа Драко, ён атрымаў ліст, дзе гаварылася, што вуліца Сталіна ў Менску і яго бюст пакуль ня зьявяцца.

Бюст Сталіна на аднайменнай лініі пад Менскам

«Мы ўзрадаваліся, хоць нешта ўдасца аднавіць! — расказвае Драко. — Але вось днямі прыйшоў новы адказ за подпісам намесьніка кіраўніка Менгарвыканкаму, што наш беларускі народ неадназначна ставіцца да Сталіна і трэба пачакаць. Нам хаця б перайменаваць Валгаградзкую вуліцу ў Сталінградзкую. Там бы і бюст паставілі. Нам сказалі, што, можа, у новым мікрараёне зробяць. Але новы мікрараён — гэта новыя погляды. Там пачнуцца мітынгі супраць гэтага. Трэба вуліца нэўтральная, дзе будынкі меншыя, дзе менш людзей жыве. Пакуль такой вуліцы няма».

Па словах Драко, на ўсталяваньне помніка Сталіну ў Менску нават пачалі зьбіраць грошы, адкрылі адмысловы рахунак. Цяпер на ім «каля 10 тысяч даляраў», кажа ён.

«Я сталініст! — прызнаецца Драко. — Я гэтага тэрміна не саромеюся. За мной міжнародная арганізацыя „За Радзіму! За Сталіна!“. Але і яе не рэгіструюць. Ведаеце, якая прычына? Напісалі, што я не ўзгадніў са Сталіным і яго роднымі назву арганізацыі. Менгарвыканкам мне так адказаў. З кім я магу ўзгадніць гэта?»

«Быкаў крытыкаваў Сталіна, але ну і што з таго»

Варыянты таго, што Сталін мог быць ня толькі героем, але і тыранам для людзей, якія жылі зь ім у адзін час, Драко адкідае катэгарычна. Кажа, што нават з Курапатамі ўсё ня так, як прынята гаварыць. У 1988 годзе, калі была створаная ўрадавая камісія па Курапатах пад кіраўніцтвам Ніны Мазай, Драко быў у ёй сакратаром. Ён прызнае, што Курапаты — месца жалобы. Аднак сьцьвярджае, што там пахаваныя ахвяры вайны, расстраляныя габрэі, якіх прывозілі з Эўропы.

«НКВД масава не расстрэльваў, — настойвае Драко. — Але Пазьняк спрацаваў выдатна, апазыцыя атрымала ў Курапатах перамогу».

Адным адмаўленьнем таго, што ў Курапатах пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсій, Валер Драко не абмяжоўваецца. Кажа, што працуе над стварэньнем «міжнароднага трыбуналу па Курапатах». У яго ўвойдуць немцы, баўгары і прадстаўнікі іншых краін Эўропы. Пакуль справа завісла праз адсутнасьць «фігуры». Аўтарытэтнай асобы, якая магла б узначаліць працэс. «Ніхто ня хоча ў гэта лезьці», — кажа Драко.

На разьвітаньне арганізатар менскага «Несьмяротнага палку» запрашае далучацца да акцыі налета ў якасьці ўдзельніка. Кажа, што можна прыйсьці з партрэтам Васіля Быкава. Пакуль да гэтага ніхто не дадумаўся.

«Быкаў у нашых шэрагах павінен быць, — перакананы Валер Драко. — Вялікі партрэт. Калі вы прыйдзеце да нас з партрэтам Быкава, то пастаўлю вас у першыя шэрагі. Быкаў крытыкаваў Сталіна, але ну і што з таго. Ён таксама з раненьнямі. Да Быкава няма ніякіх пытаньняў. Быкаў — гэта легенда».