Апазыцыя ініцыюе праверку ўрадавай пастановы пра аплату паслуг міліцыі

Канцэрт на Дзень Волі ў Менску, Кіеўскі сквэр

Арганізатары Дня Волі 24 сакавіка ў сталічным Кіеўскім сквэры ініцыявалі зварот у Канстытуцыйны суд з просьбай праверыць на адпаведнасьць Асноўнаму закону ўрадавую пастанову № 49, якая ўводзіць аплату паслуг міліцыі за забесьпячэньне парадку ў часе масавых акцый.

Пра гэта расказала сустаршыня аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Вольга Кавалькова, паведамляе БелаПАН. Падрыхтаваны адпаведны зварот у Палату прадстаўнікоў і Саўмін, якія маюць права ўносіць прапановы ў Канстытуцыйны суд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску адсьвяткавалі Дзень Волі. Галоўнае

Акрамя таго, арганізатары сьвяткаваньня падрыхтавалі пазоў па дамове з ГУУС Менгарвыканкаму, а ў выпадку адмовы маюць намер зьвярнуцца са скаргай у Камітэт правоў чалавека ААН.

Па словах сустаршыні аргкамітэту БХД Віталя Рымашэўскага, 6 тысяч 375 рублёў, якія патрабавала міліцыя, ужо сабраныя. Але грошы выплацяць толькі пасьля таго, як будуць пройдзеныя ўсе магчымыя юрыдычныя працэдуры для адмены пастановы № 49.

Зьмітра Дашкевіча асудзілі за прамову на Дзень Волі

2 красавіка ў ГУУС Менгарвыканкаму паступіла прэтэнзія з прычыны неналежнага выкананьня абавязкаў супрацоўнікамі міліцыі на канцэрце ў Кіеўскім сквэры. Найперш арганізатараў абурыла затрыманьне Зьмітра Дашкевіча і Віталя Рымашэўскі проста на ахоўнай пляцоўцы.

29 красавіка суд Цэнтральнага раёну Менску аштрафаваў старшыню руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова, сустаршыню БХД Вольгу Кавалькову на 30 базавых велічыняў (765 рублёў) кожнага. На іх складзеныя пратаколы паводле ч. 2 арт. 23.34 КаАП за неаплату на працягу 10 дзён паслуг міліцыі ў «ахове грамадзкага парадку».