Губэрнатарка Алабамы падпісала закон аб амаль поўнай забароне абортаў

Ілюстрацыйнае фота

Губэрнатарка штату Алабама Кей Айві падпісала заканадаўчы акт, які прадугледжвае амаль поўную забарону абортаў у гэтым штаце ЗША, паведаміў тэлеканал CNN.

«Сёньня я падпісала Закон Алабамы аб абароне чалавечага жыцьця, законапраект, які быў ухвалены пераважнай большасьцю галасоў у абедзьвюх палатах заканадаўчага органу, — сказала Айві ў заяве. — Для многіх прыхільнікаў законапраекту гэты закон будзе магутным сьведчаньнем глыбокага перакананьня жыхароў Алабамы, што кожнае жыцьцё каштоўнае і што кожнае жыцьцё зьяўляецца сьвятым дарам ад Бога».

Закон дазваляе спыненьне цяжарнасьці толькі ў выпадках «сур’ёзнай рызыкі для здароўя маці ненароджанага дзіцяці», пазаматкавай цяжарнасьці, і калі «ненароджанае дзіця мае сьмяротную анамалію». Папраўку, якая павінна была дазволіць аборты ў выпадку інцэсту або згвалтаваньня, адхілілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У штаце Алабама сабраліся забараніць амаль усе аборты, нават пасьля згвалтаваньня

Былы кандыдат у прэзыдэнты ад дэмакратаў Гілары Клінтан назвала законапраект прыкладам «жахлівага замаху на жыцьцё жанчын і асноўныя свабоды».

Прыхільнікі закону заяўляюць, што законапраект быў наўмысна распрацаваны, каб абскардзіць рашэньне Вярхоўнага суду ЗША 1973 году, якое дазваляе аборты на нацыянальным узроўні.