Улады заблякавалі законапраект аб падтрымцы беларускай мовы

Алена Анісім, архіўнае фота

На імя дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў, старшыні Таварыства беларускай мовы Алены Анісім прыйшлі лісты з Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў і Міністэрства юстыцыі наконт ейнага законапраекту аб падтрымцы беларускай мовы.

Дырэктар Цэнтру Вадзім Іпатаў паведамляе, што праект закону «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы», які прапаноўвае спадарыня Анісім, не ўключаецца ў плян падрыхтоўкі законапраектаў для абмеркаваньня дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у 2020 годзе. Такое рашэньне спадар Іпатаў абгрунтаваў тым, што зацікаўленыя дзяржаўныя органы лічаць «пытаньні ўжываньня беларускай мовы ўрэгуляваныя дзейным заканадаўствам у адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь».

Міністар юстыцыі Алег Сьліжэўскі лічыць неабгрунтаванай падрыхтоўку такога законапраекту, паколькі «не назіраецца неабходнасьці ў зьмене існуючага заканадаўства». Чыноўнік таксама адзначыў, што ў законапраекце Анісім ёсьць чатыры палажэньні, якія супярэчаць іншым дзейным заканадаўчым актам.

Анісім: працу не спыняем

У камэнтары Свабодзе Алена Анісім заявіла, што ні яна асабіста, ні ТБМ працу над праектам закону «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы» не спыняюць.

«Па-першае, мы ня маем яшчэ двух адказаў — з прэзыдэнцкай Адміністрацыі і ўраду. У сваім адказе Вадзім Іпатаў не назваў канкрэтна, якія дзяржаўныя органы прыйшлі да высновы, што наш закон не патрэбны.

Па-другое, мы ўважліва прааналізуем заўвагі, якія выказаў спадар міністар.

Па-трэцяе, пасьля гэтага зьбярэм пасяджэньне рады ТБМ, якая звычайна праходзіць два разы на год, і будзем супольна вырашаць, што рабіць далей».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ТБМ падрыхтавала законапраект «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы». Дакумэнт атрымаў кожны дэпутат

Алена Анісім лічыць, што найбольш важнае ў законапраекце — гэта захады дзеля таго, каб выраўняць становішча зь беларускай мовай, якое склалася ў грамадзтве, асабліва ў стасунках зь дзяржаўнымі органамі; каб вярнуць ёй статус дзяржаўнай мовы і напоўніць яго адпаведным зьместам. З поўным тэкстам дакумэнту можна азнаёміцца на сайце ТБМ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці прыжыўся б у Беларусі ўкраінскі моўны закон? 5 прапановаў на карысьць беларускай мовы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Штраф 640 эўра матывуе». Як у Эстоніі працуе моўная інспэкцыя