МАЗ наладжвае выпуск беларуска-кітайскай копіі Мэрсэдэса

На сайце Менскага аўтамабільнага заводу зьявілася інфармацыя пра выраб новага мікрааўтобусу беларуска-кітайскай вытворчасьці МАЗ 281040, а таксама грузавога аўтамабіля-фургона МАЗ 365022.

Новы мікрааўтобус у красавіку ўжо быў прэзэнтаваны ва Ўкраіне, якая выявіла зацікаўленасьць у закупках.

Зборка мікрааўтобусаў і фургонаў, якія зьяўляюцца ліцэнзійнымі копіямі кітайскай мадэлі JAC Sunray ўзору 2010 году, наладжаная на заводзе «Брэстмаш», які ўваходзіць у склад холдынгу «Белаўтамаз». Камплекты для зборкі будзе пастаўляць кітайская дзяржкарпарацыя JAC Motors. Аднак, МАЗ спадзяецца ў будучыні наладзіць выпуск уласных кампанэнтаў.

У мікрааўтобуса 16 пасажырскіх месцаў і 1 — для кіроўцы. Паколькі ў Беларусі рэгулярныя міжгароднія і прыгарадныя перавозкі практычна цалкам робяцца маршруткамі, стваральнікі разьлічваюць на попыт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка абурыўся: у беларускіх машынах «мізэр» беларускіх дэталяў. Трэба рабіць хаця б сядзеньні

Пакуль у Берасьці, паводле зьвестак сайту abw.by, сабраная першая партыя машын з 35 мікрааўтобусаў і 15 фургонаў. Усяго сёлета на «Брэстмашы» плянуецца сабраць 600 грузавых і пасажырскіх мікрааўтобусаў.

Чэскія адмыслоўцы ў галіне аўтамабілебудаваньня заўважылі, што зьнешне беларуска-кітайскі мікрааўтобус практычна немагчыма адрозьніць ат старой мадэлі Mercedes Sprinter другога пакаленьня, які яшчэ да сёньня прадаецца на рынку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вытворчасьць Geely стала ўжо амаль напалову беларускай, — міністар прамысловасьці

Гэта ня першая спроба МАЗу выйсьці на рынак з кітайскім аўтамабілем. У 2010 завод прадставіў мікрааўтобус на базе кітайскага King Long Hiase, які быў у Кітаі ліцэнзійнай вэрсіяй Toyoty HiAce. Машына, аднак, далей фазы стварэньня прататыпу не пайшла.

На базе фургону таксама плянуецца выпускаць машыны хуткай дапамогі.